Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2018, 09:03

Вучнёўскае самакіраванне дапамагае наладзіць паўнацэнны адукацыйны працэс - Карпенка

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучнёўскае самакіраванне дапамагае наладзіць паўнацэнны адукацыйны працэс. Такое меркаванне 19 мая выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка на сустрэчы з удзельнікамі XI Нацыянальнага дзіцячага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Карпенка ўпэўнены, што без органаў вучнёўскага, студэнцкага самакіравання, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх структур не будзе паўнацэннага адукацыйнага працэсу.

Міністр падкрэсліў, што для яго важна зваротная сувязь з педагогамі і вучнямі. Сустрэчу з удзельнікамі нацыянальнага дзіцячага форуму ён назваў унікальнай магчымасцю для навучэнцаў прыняць пэўны ўдзел у важных кіраўніцкіх рашэннях. Іх прапановы і пажаданні будуць па магчымасці ўлічаны профільным міністэрствам.

Ігар Карпенка лічыць, што адна з найважнейшых задач сістэмы адукацыі - выхаванне падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму. У сувязі з гэтым ён адзначыў важнасць аб'яўлення 2018-га Годам малой радзімы. Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі ўсведамляюць: разам з якаснай адукацыяй дзецям важна прывіваць пачуццё адказнасці за лёс сваёй краіны і народа.

Нацыянальны дзіцячы форум "Мы - лідары Беларусі" праходзіць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі з 18 мая.

У форуме прымаюць удзел 105 чалавек, у ліку якіх члены рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, пераможцы і прызёры абласных этапаў рэспубліканскага агляду-конкурсу "Лідар года", конкурсаў "Дзіцячы і маладзёжны парламент", "Юны журналіст у Горадзе, дружалюбным дзецям", лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання.

У час форуму праходзяць заключны этап конкурсу "Лідар года" (яго тэма "Лідары Беларусі: наш уклад для малой радзімы"), інтэрактыўныя і дыскусійныя пляцоўкі, круглы стол, прэзентацыя сацыяльных праектаў і ініцыятыў, сустрэча з парламентарыямі.

Форум нацэлены на выхаванне пачуцця грамадзянскай адказнасці і сацыяльнай актыўнасці ў дзяцей і моладзі, стымуляванне работы лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання. Сярод яго мэт таксама - падтрымка дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў і сацыяльных праектаў, накіраваных на развіццё валанцёрскага руху ў Беларусі.

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, вядучыя рэспубліканскія дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб'яднанні і арганізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі