Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 ліпеня 2016, 12:43

ВНУ апублікавалі пералік спецыяльнасцей, па якіх праводзіцца дадатковы набор на бюджэт

25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ВНУ, у якіх з 26 па 28 ліпеня будзе праводзіцца прыём дакументаў па дадатковым наборы на бюджэтныя дзённую і завочную формы атрымання адукацыі, апублікавалі пералік спецыяльнасцей, дзе засталіся вакантныя месцы, паведамляе БЕЛТА.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова на дзённай форме навучання вакантнымі засталіся 10 месц па спецыяльнасці "фізіка і інфарматыка" і 4 - па спецыяльнасці "матэматыка і інфарматыка". На завочнай форме дадатковы набор праводзіцца па спецыяльнасці "пачатковая адукацыя" (скарочаны тэрмін навучання) - вакантныя 9 месц.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце дадатковы набор на дзённую форму атрымання адукацыі будзе праводзіцца па наступных спецыяльнасцях: "вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў (тэхналогія і менеджмент)" (24 вакантныя месцы), "машыны і апараты лёгкай, тэкстыльнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання" (14), "канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў" (15), "канструяванне і тэхналогія вырабаў са скуры" (9).

На геаграфічным факультэце БДУ на дзённай форме навучання вакантнымі засталіся па два месцы на спецыяльнасцях "геалогія і разведка карысных выкапняў", "геаінфармацыйныя сістэмы (напрамак - зямельна-кадастравыя)", а на спецыяльнасці "гідраметэаралогія"- 7. На ваенным факультэце на спецыяльнасць "геаінфармацыйныя сістэмы (напрамак - спецыяльныя)" засталіся вакантнымі два месцы. На завочнай форме геафака на спецыяльнасці "геаэкалогія" засталося чатыры вакантныя месцы, на гістарычным факультэце на "дакументазнаўства" - два, у Інстытуце журналістыкі на спецыяльнасці "журналістыка (напрамак - друкаваныя СМІ)" - тры.

У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П. Шамякіна ёсць 11 вакантных месц на спецыяльнасці "Матэматыка і інфарматыка" (дзённая форма) і 8 - на "прафесійнае навучанне (машынабудаванне)" (завочная скарочаная форма).

На бюджэтныя месцы, што засталіся, могуць падаваць дакументы абітурыенты, якія здалі здавальняюча ўступныя іспыты, неабходныя для паступлення на гэту спецыяльнасць (напрамак спецыяльнасці).

Залічэнне ў рамках дадатковага набору пройдзе па 31 ліпеня.

Падрабязная інфармацыя аб уступнай кампаніі ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Беларусі прадстаўлена на партале Міністэрства адукацыі ў раздзеле "Абітурыенту", а таксама на сайтах устаноў адукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі