Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 красавіка 2018, 15:10

Ваенныя адпрацоўваюць сучасныя спосабы вядзення баявых дзеянняў на палігоне пад Баранавічамі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ваенныя адпрацоўваюць сучасныя спосабы і метады вядзення баявых дзеянняў на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС Беларусі генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл 23-27 красавіка пад кіраўніцтвам намесніка міністра абароны генерал-маёра Сяргея Патапенкі праводзіцца паказное тактычнае вучэнне з 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадай. "У ходзе заняткаў сёння адпрацоўваюцца сучасныя спосабы і метады вядзення баявых дзеянняў. Мы не стаім на месцы - аналізуем усё, што адбываецца ў час апошніх міжнародных узброеных канфліктаў, і тое, што прымальна для нас, бяром на ўзбраенне. Напрыклад, такія спосабы вядзення баявых дзеянняў, як сірыйскі вал, агнявая або танкавая карусель. Усё гэта дасць магчымасць значна павысіць эфектыўнасць прымянення часцей і падраздзяленняў нашых Узброеных Сіл", - расказаў Андрэй Некрашэвіч.

Акрамя таго, у ходзе вучэння будзе адпрацавана падтрыманне рэжыму ваеннага становішча ў цесным узаемадзеянні з падраздзяленнямі ўнутраных войскаў МУС, ваенна-паветраныя сілы УС прадэманструюць новыя спосабы прымянення авіяцыі ў сучасных умовах. "Сёння ў адным месцы сабраны практычна ўсе сродкі агнявога паражэння, нават такія як агнямётнае падраздзяленне. Адпрацоўка задач у комплексе з прымяненнем усіх існуючых сіл і сродкаў, безумоўна, дазволіць прысутных тут камандзіраў абучыць новым формам і спосабам прымянення часцей і падраздзяленняў УС, арганізацыі ўзаемадзеяння пра падрыхтоўцы і вядзенні баявых дзеянняў", - сказаў на заканчэнне Андрэй Некрашэвіч.

Больш як 1 тыс. ваеннаслужачых, 30 танкаў, 50 баявых браніраваных машын і 15 гармат артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню прымаюць удзел у паказным тактычным вучэнні з 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадай. Вучэбныя мэты мерапрыемства - удасканаленне практычных навыкаў службовых асоб злучэнняў і воінскіх часцей у кіраванні штатнымі і прыдадзенымі падраздзяленнямі ў ходзе падрыхтоўкі абароны і вядзення абарончых дзеянняў ва ўмовах напружанай, хутка зменлівай абстаноўкі, а таксама арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў усебаковага забеспячэння ў інтарэсах выканання вучэбна-баявых задач.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі