Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Увядзенне бязвізавага рэжыму пасадзейнічае развіццю ў Мінску дзелавога турызму - Шамко

Грамадства 05.04.2017 | 15:36
Аляксандр Шамко
Аляксандр Шамко

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увядзенне бязвізавага рэжыму пасадзейнічае развіццю ў Мінску дзелавога турызму, заявіў сёння журналістам міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко на адкрыцці міжнароднага кірмашу турыстычных паслуг "Адпачынак-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Увядзенне бязвізавага рэжыму, па якім у краіну прыбылі ўжо каля 8 тыс. чалавек, - гэта паказчык таго, што Мінск можа стаць добрай пляцоўкай для развіцця дзелавога турызму. Для гэтага ёсць усе падставы", - падкрэсліў міністр і адзначыў, што ў краіне добра развіта транспартная сфера, інфраструктура, забяспечана бяспека. "У нас за апошнія гады павялічылася колькасць гасцініц высокага ўзроўню, розных спартыўных комплексаў, бізнес-цэнтраў і іншых адміністрацыйных будынкаў. Гэта таксама стварае перадумовы для развіцця дзелавога турызму. Упэўнены, што Мінск стане добрай пляцоўкай для дзелавых перагавораў, а гэта пасадзейнічае развіццю эканомікі краіны", - адзначыў ён.

Аляксандр Шамко нагадаў, што выстаўка "Адпачынак" праходзіць ужо дваццаты раз. "Калі гаварыць аб развіцці турыстычнай галіны, то з году ў год мы прырастаем і колькасна, і якасна. Апошнія гады дзяржавай зроблена шмат для гэтага, прыняты беспрэцэдэнтныя крокі для развіцця галіны ў арганізацыйным плане", - падкрэсліў міністр і прывёў у якасці прыкладу ўвядзенне бязвізавага рэжыму на 5 дзён праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, а таксама магчымасць наведаць без візы Аўгустоўскі канал і Белавежскую пушчу. "Акрамя таго, у краіне ў 2017 годзе пройдзе больш за 80 буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, рэжым правядзення гэтых мерапрыемстваў таксама дзейнічае па спрошчанай візавай схеме. Усё гэта робіць нашу краіну больш прывабнай", - адзначыў ён.

Усе гэтыя меры ўжо даюць свой станоўчы вынік. "Ёсць прырост экспарту, прыток прыватнага капіталу, які ўкладваецца ў турызм", - дадаў Аляксандр Шамко.

Міністр звярнуў увагу, што цяпер назіраецца нядрэнная дынаміка па загрузцы беларускіх атэляў і санаторыяў. "Толькі спартыўных спаборніцтваў у гэтым годзе ў нас будзе ў 4 разы больш, але ж будуць праходзіць і іншыя мерапрыемствы. А гэта ўсё загрузка гасцініц. Акрамя таго, рэалізацыя праектаў у Гродне па Аўгустоўскім канале і ў Брэсце дала магчымасць павялічыць загрузку рэгіянальных гасцініц, сёння браніраванне месц на летні час там ужо складае больш за палавіну. Гэта добры паказчык", - канстатаваў ён.

Міжнародны кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2017" адкрыўся сёння ў Мінску. У ім прымаюць удзел прадстаўнікі такіх краін, як Польшча, Украіна, Расія, Грузія, Літва, Латвія, Славакія, Партугалія, Турцыя, Балгарыя, Сербія, Грэцыя, Албанія, Італія, Егіпет. Усяго экспазіцыі прадстаўляюць больш як 150 удзельнікаў.

Тэматыка кірмашу - падарожжы (сезонны адпачынак, бізнес-туры, дзіцячы адпачынак, круізы, адукацыйныя туры), экскурсійныя праграмы, транспартныя паслугі, спартыўны інвентар, страхаванне ў турызме, санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку, турыстычныя клубы, гасцінічны сэрвіс, тавары для адпачынку і спорту, карты, буклеты, даведнікі. Праграма прадугледжвае прэзентацыі, круглыя сталы, семінары па найбольш актуальных праблемах турыстычнай галіны. Выстаўка будзе прадаўжацца па 8 красавіка.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Гандаль у святочныя дні Магазінам Мінска з 15 снежня па 15 студзеня рэкамендавана працаваць без закрыцця на рамонт і санітарны дзень.