Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 ліпеня 2018, 17:03

У Беларусі ў Дзень Незалежнасці нарадзілася 181 дзіця

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў Дзень Незалежнасці нарадзілася 181 дзіця, больш за ўсё малышоў з'явілася на свет у Мінскай вобласці - 35, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі РНПЦ "Маці і дзіця" Святлана Нагібовіч.

Паводле яе слоў, па ўсёй краіне - пачынаючы ад цэнтральных раённых бальніц і заканчваючы галаўной установай - створаны ўмовы для спрыяльнага, бяспечнага і камфортнага мацярынства. Сярод іншых магчымасцей - партнёрскія роды, калі ў час гэтага працэсу можа прысутнічаць будучы бацька, бабуля, сястра або іншы чалавек, якому жанчына давярае.

Для маці, якія нарадзілі ў Дзень Незалежнасці, сёння рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" праводзіць акцыю "Белая Русь - з любоўю да дзяцей". У кожным рэгіёне краіны члены ўрада, парламентарыі, кіраўнікі адміністрацый раёнаў, кіраўніцтва арганізацыйных структур "Белай Русі" віншуюць і ўручаюць падарункі маладым маці. Віншуючы маці ў РНПЦ "Маці і дзіця", старшыня аб'яднання Генадзь Давыдзька адзначыў: "Нарадзіць у Дзень Незалежнасці - шчаслівае супадзенне. Гэтыя дзеці будуць адзначаць свой дзень нараджэння разам з галоўным святам краіны. Я спадзяюся, што з іх вырастуць сапраўдныя патрыёты, члены "Белай Русі" ў будучым".

"Здорава, што мая Кацярына нарадзілася менавіта ў гэты дзень, таму што ён асаблівы і вельмі значны для рэспублікі, - адзначыла Вольга Шкляннік, якая ўжо другі раз стала маці. - Вельмі хочацца, каб нашы дзеці раслі такімі ж незалежнымі і шчаслівымі. Эмоцыі, якія я адчуваю, словамі вельмі складана апісаць. Гэта шчасце". Паводле слоў жанчыны, сацыяльная накіраванасць дзяржавы - на карысць яе жыхароў, у Беларусі ўмеюць падтрымліваць людзей не толькі пры нейкіх глабальных праблемах, але і ў маленькіх жыццёвых радасцях.

У Настассі Карзюк 3 ліпеня нарадзіўся хлопчык Міхаіл. "Я вельмі чакала малыша, гэта доўгачаканае дзіця. За апошнія пяць гадоў у нашай сям'і з'явілася трое дзяцей, і ўсе яны былі народжаны ў гэтым цэнтры. Тут акружаюць любоўю, клопатам і дапамагаюць маленькім беларусам з'яўляцца на свет. У цэнтры працуюць прафесіяналы. Тут створаны камфортныя ўмовы, каб жанчыны нараджалі, каб маці былі шчаслівыя, а дзеці здаровыя", - сказала яна. Жанчына вельмі шчаслівая, што яе дзеці нарадзіліся ў Беларусі - краіне, у якой хочацца жыцць, нараджаць і выхоўваць дзяцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі