Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 студзеня 2017, 15:14

У Беларусі праведзена вялікая работа па ўмацаванні бяспекі на знешніх рубяжах - Зась

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагранічным ведамствам Беларусі праведзена вялікая работа па ўмацаванні бяспекі на знешніх рубяжах. Аб гэтым заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Станіслаў Зась паведаміў, што кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранслужбы ў 2017 годзе. На сустрэчы таксама абмяркоўваліся вынікі работы ў 2016 годзе. "У цэлым сістэмных праблем або правалаў у дзейнасці Дзяржаўнага пагранічнага камітэта ў мінулым годзе не дапушчана. Ведамствам праведзена вялікая работа па ўмацаванні бяспекі нашых знешніх граніц. І сёння аб гэтым далажыў старшыня Дзяржпагранкамітэта", - сказаў Станіслаў Зась.

У рашэнні на ахову дзяржграніцы вызначаны задачы, якія поўнасцю ўлічваюць асаблівасці сітуацыі, што складваецца на знешніх рубяжах Беларусі.

Адной з такіх асаблівасцей дзяржсакратар Савета бяспекі назваў рашэнне аб увядзенні бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну на тэрмін да 5 сутак праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. "Гэта ніяк не ўплывае на бяспеку і нашай дзяржавы, і нашых суседзяў. Таму што практычна нічога ў плане кантролю за прыбыццём не змяняецца. Як і раней, любы грамадзянін будзе праходзіць пашпартны кантроль. Пры гэтым адсейваюцца асобы, знаходжанне якіх у нашай краіне непажадана па тых ці іншых прычынах", - заявіў ён.

"Другой адносна новай асаблівасцю, якая сфарміравалася вакол нашых знешніх рубяжоў, з'яўляецца тое, што на ўсходняй граніцы расійскі бок у аднабаковым парадку ўвёў абмежаваны пашпартны кантроль у адносінах да замежных грамадзян у пунктах перасячэння граніцы паміж Беларуссю і Расіяй. Гэта ніяк не ўплывае на транзіт нашых грузаў і пасажыраў у цэлым, але дастаўляе пэўныя нязручнасці замежным грамадзянам, якія цяпер вымушаны шукаць больш доўгі аб'язны шлях", - адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі.

"Але гэта справа Расійскай Федэрацыі. Калі яны лічаць, што гэта павышае абароненасць іх краіны, - гэта іх права. Хоць асаблівага сэнсу ў гэтым я не бачу", - дадаў Станіслаў Зась.

Сітуацыю на беларуска-расійскай граніцы ў пачатку студзеня каменціравалі і ў беларускім знешнепалітычным ведамстве. У прыватнасці, Беларусь прапануе Расіі на час перагавораў па пропуску грамадзян трэціх краін праз сумесную граніцу прытрымлівацца ранейшай практыкі, якая апраўдала сябе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі