Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2017, 19:23

Церахаў назваў ключавыя напрамкі зніжэння затрат у ЖКГ

21 чэрвеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Дыверсіфікацыя відаў паліва і павышэнне энергаэфектыўнасці - ключавыя напрамкі зніжэння затрат у сферы ЖКГ. Аб гэтым паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Церахаў.

Сёння на базе сістэмы ЖКГ Віцебскай вобласці праходзіць выязная калегія міністэрства. Удзельнікі абмяркоўваюць актуальныя пытанні функцыянавання падведамных прадпрыемстваў на пленарным пасяджэнні. А да гэтага пабывалі ўжо на аб'ектах Гарадка і Віцебска.

Міністр падкрэсліў, што цяпер уся работа сістэмы ЖКГ нацэлена на зніжэнне затрат. "Гэта значыць на прымяненне тэхналогій, якія даюць магчымасць аказаць якасную і даступную жыллёва-камунальную паслугу з найменшым яе коштам, - сказаў Аляксандр Церахаў. - Самы галоўны напрамак, які мы бачым, - гэта дыверсіфікацыя відаў паліва, пераход з прыроднага газу на выкарыстанне мясцовых відаў паліва, у прыватнасці шчэпак. Менавіта гэта паліва дае магчымасць у аўтаматычным рэжыме ажыццяўляць цеплазабеспячэнне - на кацельным абсталяванні задзейнічана мінімальная колькасць працуючых. Другі ключавы напрамак - павышэнне энергаэфектыўнасці".

Кіраўнік міністэрства адзначыў, што на тых аб'ектах, якія Віцебская вобласць прадэманстравала сёння спецыялістам з усёй рэспублікі, якраз і прыменены лепшыя напрацоўкі сістэмы ЖКГ рэгіёну. "Мы наведалі прадпрыемства "Палімерканструкцыя", якое займаецца сістэмамі падрыхтоўкі і ачысткі сцёкавых вод, сістэм водазабеспячэння. Нам прадэманстравалі прымяняльныя ўзоры з вельмі нізкім паказчыкам па ўдзельным расходзе электраэнергіі. Прымяненне такіх тэхналогій дае магчымасць знізіць сабекошт паслугі", - сказаў Аляксандр Церахаў.

Ён высока ацаніў новае абсталяванне на мадэрнізаванай кацельні "5-ы полк" у Віцебску. "Фактычна спецыялісты кацельных і цепласетак Віцебска не пабаяліся самастойна пабудаваць тое, што прымяняецца ў еўрапейскіх краінах. Новае абсталяванне было сканструявана сіламі спецыялістаў. І мы бачым, што за кошт асаблівай тэхналогіі дадатковай утылізацыі цяпла ККД кацельні павысіўся. Гэта заслугоўвае павагі і адпавядае мэтам і задачам, якія стаяць сёння перад сістэмай ЖКГ", - падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, такія кацельні будуць тыражавацца па ўсёй краіне. "Мы бачым высокую эфектыўнасць укладання сродкаў. Усе кацельні, якія з наступнага ацяпляльнага сезона будуць станавіцца на рэканструкцыю (у залежнасці ад мясцовых умоў), варта аснашчаць такімі ўстаноўкамі. Міністэрства прыме меры, каб гэты вопыт атрымаў шырокае распаўсюджванне", - рэзюмаваў Аляксандр Церахаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі