Сцяг Аўторак, 7 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 студзеня 2017, 14:50

Шуневіч растлумачыў, што будзе ўяўляць сабой рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі

24 студзеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку растлумачыў журналістам, што будзе ўяўляць сабой рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прэзідэнтам дадзена распараджэнне ў бліжэйшы час правесці нараду наконт стварэння ў дзяржаве адзінай сістэмы відэафіксацыі, маніторынгу грамадскай бяспекі. Гэта, на наш погляд, вельмі прагрэсіўная сучасная сістэма забеспячэння грамадскай бяспекі, якая прадугледжвае наяўнасць у пэўных аб'ектах дзяржавы відэаманіторынгу з мэтай раскрыцця і прафілактыкі ўчынення злачынстваў і іншых правапарушэнняў", - растлумачыў Ігар Шуневіч.

Паводле яго слоў, плануецца стварыць пералік аб'ектаў, за якімі ўстановяць відэанагляд. "Сёння частка з іх ужо абсталявана відэакамерамі: банкі, абменныя пункты і гэтак далей. Мы хацелі, каб такі кантроль у рэжыме анлайн намі ажыццяўляўся за асноўнымі дарожнымі развязкамі, найбольш небяспечнымі скрыжаваннямі, вакзаламі, месцамі знаходжання вялікага скопішча грамадзян, каб гэта сістэма працавала ў адзіным ключы і да яе мелі доступ не толькі органы ўнутраных спраў, але і іншыя зацікаўленыя, у тым ліку кіраўнікі прадпрыемстваў, якім гэта інфармацыя патрэбна для забеспячэння бяспекі на іх аб'ектах. Тут таксама ідзе размова і аб удзеле Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з пункту гледжання іх кампетэнтнасці", - расказаў кіраўнік ведамства.

Прапануецца, каб інфармацыя з усіх камер відэанагляду акумуліравалася ў адзіным цэнтры. "Кіраўнік дзяржавы і распарадзіўся правесці нараду для ўдакладнення ўсіх пытанняў і вызначэння алгарытмаў пабудовы гэтай сістэмы, прыцягнення сродкаў для яе рэалізацыі", - адзначыў Ігар Шуневіч.

У гэтым пытанні Беларусь не вынаходзіць веласіпед: наяўнасць такіх сістэм маніторынгу грамадскай бяспекі - сусветны вопыт. "Па гэтым шляху пайшлі практычна ўсе краіны, якія заклапочаны грамадскім парадкам, забеспячэннем грамадскай бяспекі. Сістэма працуе вельмі эфектыўна. Нашы эксперты неаднаразова назіралі яе работу ў розных краінах і пераканаліся, што на сённяшні дзень відэафіксацыя дапамагае не толькі аператыўна рэагаваць на ўчыняемыя правапарушэнні, парушэнні грамадскага парадку, надзвычайныя здарэнні, але і дакументаваць злачынныя дзеянні, раскрываць злачынствы і эфектыўна лавіць бандытаў і махляроў, знаходзіць прапаўшых людзей і рэчы", - звярнуў увагу кіраўнік МУС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі