Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2018, 17:00

Шчоткіна: устойлівае развіццё Беларусі залежыць ад укладу кожнага грамадзяніна

22 чэрвеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Устойлівае развіццё Беларусі ў многім залежыць ад укладу кожнага грамадзяніна. Аб гэтым заявіла ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Магілёўліфтмаш" намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Адна з галоўных задач устойлівага развіцця любой дзяржавы - павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. Мы павінны стварыць умовы для развіцця грамадства, рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека, пры гэтым мы павінны думаць не толькі пра сённяшні дзень, але і пра будучыя пакаленні. У гэтым працэсе важна дзейнічаць разам, і ўклад кожнага грамадзяніна на сваім рабочым месцы вельмі важны, калі яго работа эфектыўная і ўносіць дастойны ўклад у развіццё працоўнага калектыву, канкрэтнага прадпрыемства або цэлай тэрыторыі", - лічыць Мар'яна Шчоткіна.

За яркімі прыкладамі далёка хадзіць не трэба, заўважыла яна. "Магілёўліфтмаш" адыгрывае значную ролю ў развіцці эканомікі горада, рэгіёна і ў цэлым краіны. "Ваша прадпрыемства стала адным з брэндаў Беларусі, які гарантуе надзейнасць і высокую якасць прадукцыі, больш за 80 працэнтаў якой экспартуецца ў краіны блізкага і далёкага замежжа. Рэзультат паспяховай работы - дастойная заработная плата і важкі сацыяльны пакет для работнікаў, а гэта самым непасрэдным чынам уплывае на ўзровень і якасць жыцця", - падкрэсліла віцэ-спікер верхняй палаты беларускага парламента.

Беларусь з'яўляецца адным з лідараў у працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця, за мінулы год у краіне створана сістэма работы па гэтым напрамку, у якую ўключаны ўрад, парламент, прадстаўнікі дзяржорганаў, партнёрскіх арганізацый, вучоныя, бізнесмены і грамадскасць. "Наша агульная задача захаваць нашу планету для наступных пакаленняў у такім стане, у якім мы яе атрымалі. Гэта асноўны паказчык устойлівага развіцця. А павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей не толькі даходы. Гэта эфектыўныя рабочыя месцы, здаровы лад жыцця, чыстыя паветра і вада, захаванне біяразнастайнасці і шмат іншага", - дадала Мар'яна Шчоткіна.

У 2015 годзе дзяржавы - члены ААН прынялі парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, што ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Парадак дня-2030 - гэта комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без шкоды для будучых пакаленняў. Усе 17 мэт адаптуюцца і для Беларусі. Над гэтым працуюць Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, Савет па ўстойлівым развіцці (куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржорганаў), партнёрская і іншыя групы, грамадзянская супольнасць і міжнародныя арганізацыі. Усе іх прапановы будуць адлюстраваны ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Праграмныя дакументы, заканадаўчыя акты таксама будуць абапірацца на мэты Парадку дня-2030. -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі