Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 снежня 2017, 11:20

Рымска-каталіцкае выданне Новага Запавету на беларускай мове прэзентавалі ў Мінску

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рымска-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове прайшла 19 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што прэзентуемы пераклад быў створаны за 15 гадоў. Беручы пад увагу тое, што беларуская царкоўная мова знаходзіцца ў стадыі станаўлення і патрабуе ўдасканалення, работа перакладчыкаў мела не столькі тэхнічны, колькі творчы характар.

Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што, паколькі кожная мова развіваецца, прэзентуемы пераклад на беларускую мову Новага Запавету не з'яўляецца першым і не будзе апошнім. Усяго вядома каля 30 перакладаў Святога пісання на беларускую мову, якія былі зроблены католікамі, праваслаўнымі, пратэстантамі, а таксама духоўнымі і свецкімі асобамі.

Мітрапаліт нагадаў, што 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя Новага Запавету, перакладзенага праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгінала. На яго думку, гэта сведчанне таго, што цэрквы-сёстры не дамаўляючыся імкнуцца своечасова чытаць знакі часу. Але затрымлівацца на паўдарогі нельга, лічыць Тадэвуш Кандрусевіч. "Ужо сёння трэба думаць аб перакладзе Старога Запавету, каб наш народ меў усё Святое пісанне на роднай мове", - сказаў ён.

На думку архібіскупа, настаў час таксама падумаць аб міжхрысціянскім перакладзе Бібліі, як у многіх краінах свету. Заклікам да гэтага можна лічыць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, паколькі асоба Францыска Скарыны служыць аб'яднальнай сілай.

Работа над перакладам біблейскіх тэкстаў пачалася ў 2002 годзе секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Секцыя ставіла перад сабой мэту стварыць дакладны пераклад зместу біблейскіх кніг на сучаснай і камунікатыўнай беларускай мове, прытрымліваючыся прынятай багаслоўскай тэрміналогіі. Падставай для перакладу сталі самыя новыя крытычныя выданні Новага Запавету Novum Testamentum Graece (1993 і 2012 гадоў), якія падаюць грэчаскія тэксты па найстаражытнейшых і найлепшых рукапісах.

Асаблівасцю рымска-каталіцкага Новага Запавету на беларускай мове з'яўляецца дадатак, у якім знаходзяцца геаграфічныя карты тагачаснага свету, біблейскі слоўнік, а таксама храналагічная табліца падзей, звязаных з агульнай гісторыяй чалавецтва.

У час прэзентацыі прагучаў даклад доктара біблейскіх навук Марыны Пашук, а таксама адбылося ўручэнне ганаровых грамат тым, хто ўдзельнічаў у выданні перакладу.

Арганізатары прэзентацыі - Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі і Нацыянальная бібліятэка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі