Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лютага 2017, 13:37

Рэйтынгі даверу нацыянальным СМІ захоўваюцца ў Беларусі - Ананіч

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэйтынгі даверу нацыянальным сродкам масавай інфармацыі захоўваюцца ў Беларусі. Аб гэтым заявіла журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Міністр сёння прымае ўдзел у калегіі Мінінфарма па выніках 2016 года і аб асноўных задачах на 2017 год.

Лілія Ананіч адзначыла, што міністэрства сур'ёзна займаецца маніторынгам інфармацыйнай прасторы, гэта пытанне па просьбе ведамства кантралюе Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. "Даследаванні гэтага цэнтра сведчаць, што грамадзяне нашай краіны аддаюць перавагу ў атрыманні інфармацыі нацыянальным СМІ. Гэта датычыцца пытанняў масава-палітычнай тэматыкі, эканомікі, экалогіі, культуры. Захоўваюцца рэйтынгі даверу нацыянальным СМІ, і яны значна вышэйшыя, чым расійскім, замежным", - канстатавала кіраўнік ведамства.

Пры гэтым відавочна тэндэнцыя ўзмацнення ўплыву інтэрнэту на грамадскае меркаванне. "У 2016 годзе назіралася добрая дынаміка развіцця інтэрнэт-рэсурсаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, мы бачым гэта на прыкладзе і рэгіянальных, і цэнтральных выданняў, - заўважыла Лілія Ананіч. - Новыя тэхналогіі - гэта элемент барацьбы за канкурэнтную перавагу, барацьба за чытача, гледача, слухача".

У цэлым, паводле слоў міністра, 2016 год для сферы інфармацыі быў насычаным, творчым, дынамічным. Забяспечаны дзяржаўныя прыярытэты ў развіцці нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, СМІ працавалі на кансалідацыю грамадства, на выкананне грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных задач, якія стаяць перад краінай. "Добра склалася кан'юнктура рынку для паліграфіі, мы выканалі ўсе праграмы па кнігавыданні, дэманстравалі нашу кнігу на многіх замежных пляцоўках", - сказала Лілія Ананіч. Яна таксама нагадала, што літаральна праз некалькі дзён Мінск будзе прымаць больш за 30 краін на міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. "Трэба шырэй прапагандаваць кнігу. У год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы ставім задачу, каб кожны гандлёвы аб'ект у нашай сістэме быў своеасаблівай пляцоўкай прапаганды кнігі і чытання", - сказала кіраўнік ведамства.

"Сёння ў нас шмат задач, але нам іх пад сілу вырашаць, і толькі нашы нацыянальныя СМІ змогуць забяспечыць кансалідацыю беларускага грамадства на вырашэнне самых складаных задач, каб Беларусь заставалася такой жа спакойнай, мірнай, прыгожай і ўпэўненай краінай", - дадала Лілія Ананіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі