Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 сакавіка 2018, 13:40

Ратавальнікі расказалі, як скласці асабісты план дзеянняў на выпадак НС

28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ратавальнікі расказалі, як скласці план дзеянняў на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Адпаведныя рэкамендацыі размешчаны на сайце МНС, паведамляе БЕЛТА.

Ратавальнікі многіх краін рэкамендуюць загадзя выпрацаваць свой план рэагавання на НС. Гэта дапамагае не разгубіцца і не запанікаваць у экстраннай сітуацыі. У МНС рэкамендуюць адштурхоўвацца ў першую чаргу ад таго, што і дзе можа здарыцца. Акрамя таго, неабходна загадзя прадумаць свае дзеянні, шляхі эвакуацыі, скласці спіс рэчаў, якія трэба ўзяць з сабой. Не менш важна прадугледзець у сваім плане месца ўкрыцця, а таксама запасныя варыянты ратавання, калі першы не спрацуе.

Ацаніць рэальнасць плана дапамогуць парады тых, хто ўжо сутыкаўся або змагаўся з НС. Спатрэбяцца таксама інструкцыі, лістоўкі, буклеты ад ратавальнікаў або іншых экстранных службаў. "Яны дазволяць выпрацаваць патрэбны падыход у залежнасці ад таго, жыве чалавек у прыватным доме або шматпавярховым. Акрамя пагрозы пажару, важна ведаць і іншыя патэнцыяльныя крыніцы НС у раёне: ці ёсць побач хімічныя небяспечныя аб'екты, вялікія рэкі, вадасховішчы, лясы, тарфянікі", - адзначылі ў МНС.

Тым, хто жыве ў шматкватэрных дамах, спецыялісты раяць даведацца, ці ёсць запасныя выхады з будынка, дзе яны знаходзяцца і як адкрываюцца. У МНС рэкамендуюць заўсёды трымаць у зоне доступу патрэбныя рэчы: тэлефон, акуляры, ключы ад кватэры, слыхавыя апараты, лякарствы, без якіх нельга абысціся. Ратавальнікі заклікаюць не загрувашчваць лесвічныя клеткі і трымаць адкрытым доступ да пажарных лесвіц.

На пажары, калі ў калідоры моцнае задымленне, трэба ацаніць сітуацыю на прадмет таго, ці можна паспяхова пакінуць будынак, ліфтам пры гэтым карыстацца нельга. "Калі ў калідоры вельмі шмат дыму, неабходна шчыльна зачыніць дзверы і выбрацца на балкон, паведаміць па тэлефоне 101 нумар сваёй кватэры. Далей трэба дзейнічаць паводле рэкамендацый ратавальнікаў.

Калі размова ідзе аб такіх НС, як паводка, буйныя лясныя пажары, разбурэнне жылых дамоў з-за тэхнагенных катастроф, можа спатрэбіцца эвакуацыя на больш доўгі тэрмін. "Але і тут час - каштоўны. Таму камплект НЗ трэба скласці загадзя і перыядычна яго абнаўляць", - нагадалі ў МНС. У запасе павінны быць аптэчка першай дапамогі, кансерваваныя прадукты, пітная вада, радыёпрыёмнік і ліхтарык з запаснымі батарэйкамі, запалкі ў герметычнай упакоўцы, запальніцы. Спатрэбяцца таксама сталовыя інструменты (нож, відэльцы-лыжкі, міскі, кубкі), сродкі індывідуальнай гігіены, лякарствы. У асноўным рэкамендуецца мець два такія камплекты, другі можна захоўваць у багажніку аўтамабіля. Калі на эвакуацыю ёсць час, камплект мэтазгодна дапоўніць запасным адзеннем па сезоне і абуткам. НЗ звычайна кладуць у непрамакальную сумку, а з сабой бяруць таксама дакументы, наяўныя грошы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі