Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 верасня 2017, 14:46

"Пытанне часткова і да нас" - Сянько пракаменціраваў перыядычныя чэргі грузавога транспарту ў пунктах пропуску

22 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, пракаменціраваў перыядычныя чэргі грузавога транспарту ў пунктах пропуску. Пытанні аператыўнай работы мытных органаў, перш за ўсё аўтаматызацыі на граніцы, сталі адной з тэм у час рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком ДМК.

"Каб не было да нас прэтэнзій, што чэргі вялікія, ці ўдасканальваем мы гэту работу па кантролі на граніцы і пропуску тавараў, фізічных асоб і транспарту? Як у нас ідуць тут справы?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў час рабочай сустрэчы.

Каменціруючы журналістам гэта пытанне па выніках даклада, Юрый Сянько адзначыў, што часткова пытанне чэргаў павінна вырашацца ў тым ліку на беларускім баку. "Пытанне часткова і да нас. Асноўныя пытанні па польскім напрамку ў нас вырашаны. Як правіла, у гэтым годзе ў нас чэргаў не ўзнікала з грузам. Нязначныя былі нюансы, звязаныя з работай у выхадныя дні. Гэта фізічныя асобы, якія выязджаюць за мяжу і вяртаюцца. Невялікія, скажам, чэргі, - сказаў ён. - Ёсць пытанні, звязаныя з літоўскім і латвійскім напрамкам. Гэта пункты пропуску "Каменны Лог" і "Урбаны", дзе патрабуецца часткова змяніць інфраструктуру. Частка інвестыцый ужо знойдзена за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Часткова гэтыя пытанні будуць вырашаны за кошт нацыянальнага бюджэту".

Кіраўнік ДМК перакананы, што ўжо ў 2018 годзе ўдасца ўдасканаліць інфраструктуру пунктаў пропуску на адпаведных напрамках і прыстасаваць яе для большай колькасці перасячэнняў граніцы. "Тым больш што латвійскі напрамак вельмі важны з пункту гледжання правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе, які мы будзем праводзіць сумесна з Латвіяй, II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Пасажырапаток, зразумела, будзе ўзрастаць. Таму мы павінны быць гатовы да апрацоўкі ўсіх патокаў, якія будуць на гэтым напрамку", - заўважыў Юрый Сянько.

Ён адзначыў, што некаторае павышэнне якасці работы ў пунктах пропуску стала магчымым за кошт аўтаматызацыі пэўных працэсаў, пераходу на электроннае дэклараванне. "На сённяшні дзень бізнес працуе з мытняй практычна ўжо ў 99,5 працэнта як па экспарце, так і па імпарце. Гэта дае магчымасць павялічыць хуткасць перадачы інфармацыі, апрацоўкі гэтых даных і прыняцця рашэння па дэкларацыях, якія суб'екты гаспадарання накіроўваюць у мытню для прыняцця рашэння", - расказаў кіраўнік ДМК.

Акрамя таго, мытняй з пачатку бягучага года пачаты эксперымент па аўтаматычным афармленні грузаў. "Нягледзячы на тое што працэнты яшчэ невялікія - толькі перасягнулі 10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму - за кошт аўтаматызацыі працэсаў стала магчыма толькі за 8 месяцаў бягучага года 57 тыс. дэкларацый аформіць у так званым "аўтамаце". Гэта 3 тыс. чалавека-змен", - адзначыў Юрый Сянько.

Укараненне тэхнічных навацый у тым ліку дало магчымасць аптымізаваць штатную колькасць і структуру ў мытных органах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі