Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 сакавіка 2024, 17:56

Прафсаюзы вядуць грамадскі кантроль аховы працы ў перыяд палявых работ

Фота з архіва
Фота з архіва
26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі ў мінулым годзе прафсаюзамі выяўлена больш як 4 тыс. парушэнняў аховы працы ў перыяд вясенне-палявых работ. Аб гэтым расказалі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, тэхнічная інспекцыя працы якой пачала праводзіць ужо грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў сельгасарганізацыях па ўсёй краіне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Пад увагай прафсаюзных спецыялістаў - вялікі спектр пытанняў, якія датычацца аховы працы. Гэта гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі, арганізацыя правядзення работ з мінеральнымі ўгнаеннямі, забеспячэнне перадрэйсавых медыцынскіх аглядаў вадзіцеляў і механізатараў, наяўнасць медыцынскіх аптэчак, забеспячэнне санітарна-бытавымі ўмовамі і шмат іншага.

"Гэта тыя пытанні, якія пад пастаянным кантролем у прафсаюзаў, паколькі з году ў год парушэнні паўтараюцца. А за кожным парушэннем - здароўе і чалавечае жыццё. У такіх пытаннях не можа быць кампрамісаў. Задача прафсаюзаў - праверыць умовы, у якіх працуюць людзі, прынцыпова ацаніць выяўленыя парушэнні. Па выніках праведзеных маніторынгаў мы выдаём наймальнікам рэкамендацыі на ўстараненне выяўленых парушэнняў і кантралюем, каб яны аператыўна былі ліквідаваны. Напрыклад, толькі ў мінулым годзе ў час маніторынгаў зафіксавана больш як 4 тыс. парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, - расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько. - Сёння ўжо ва ўсіх раёнах краіны пачаліся веснавыя палявыя работы. Гэта і гатоўнасць тэхнікі, і падрыхтоўка глебы, і падкормка азімых. Кожны з этапаў патрабуе пільнай увагі. Ужо цяпер мы зноў пачынаем фіксаваць і сутыкацца з тым, што ў асобных гаспадарках не арганізавалі правядзенне работ у адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі. Гэта, напрыклад, допуск работнікаў, якія не прайшлі адпаведныя інструктажы і праверку ведаў, незабеспячэнне ў поўнай меры сродкамі індывідуальнай аховы. Таксама сустракаліся выпадкі, калі ў рабоце выкарыстоўвалася няспраўная сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне".

Нягледзячы на некаторае зніжэнне траўматызму ў параўнанні з папярэднімі гадамі, у сферы АПК па-ранейшаму рэгіструецца вялікая колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Так, у 2023 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях пры выкананні работ загінулі 23 работнікі, 136 атрымалі цяжкія траўмы.

На жаль, не рэдкія выпадкі, калі і самі работнікі пагарджаюць правіламі і нормамі аховы працы і атрымліваюць вытворчую траўму. Напрыклад, у мінулым годзе няшчасны выпадак здарыўся са слесарам па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання ў адной з гаспадарак Брэсцкай вобласці. У час унясення арганічных угнаенняў з выкарыстаннем інструментаў ударнага дзеяння пацярпеламу ў вока трапіў іншародны прадмет. Работнік атрымаў цяжкую вытворчую траўму, паколькі знаходзіўся без ахоўных акуляраў.

Таму тэхнічныя інспектары працы ФПБ пры наведванні сельгаспрадпрыемстваў працуюць як з наймальнікамі, так і з работнікамі. І заўсёды з гатоўнасцю тлумачаць усе нюансы, якія датычацца бяспекі на рабочых месцах. Уся неабходная работа будзе праводзіцца на працягу ўсіх этапаў сельскагаспадарчых работ.

Паведаміць аб парушэннях норм і правіл аховы працы можна таксама па тэлефоне гарачай лініі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі - 8 (017) 374-90-48.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі