Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лютага 2017, 13:11

Невялікія замаразкі і кароткачасовыя ападкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Невялікія замаразкі і кароткачасовыя ападкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

"Да канца лютага захаваецца няўстойлівае надвор'е. Цёплае, але ветранае надвор'е чакаецца ў бліжэйшыя суткі пад уплывам атмасферных франтоў ад чарговага атлантычнага цыклону, які будзе перамяшчацца на поўнач ад нашай краіны. У выхадныя дні крыху пахаладае, у начны час падмарозіць, а на наступным тыдні да нас зноў вернецца цяпло", - расказала сіноптык.

У пятніцу на значнай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (мокры снег, дождж), на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Ноччу па паўднёва-заходняй частцы, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 1 да плюс 5. Днём - 1-7 градусаў цяпла, па поўдні Беларусі паветра прагрэецца да плюс 10.

У суботу следам за атмасферным фронтам на тэрыторыю краіны распаўсюдзяцца больш халодныя і няўстойлівыя паветраныя масы з поўначы Еўропы. Тэмпературны фон панізіцца, але ўсё роўна будзе вышэйшым за кліматычную норму для гэтага часу. Ноччу пераважна па паўднёвым усходзе краіны, а днём на большай частцы тэрыторыі пройдзе кароткачасовы снег. Падмарозіць, ноччу тэмпература паветра панізіцца да мінус 1-7. Тэмпература днём будзе ад мінус 3 да плюс 3, на асобных участках дарог будзе слізка. Па паўночнай частцы краіны захаваецца моцны парывісты вецер.

У нядзелю ноччу ў паўночна-ўсходніх і заходніх раёнах пройдзе кароткачасовы снег, тэмпература панізіцца да мінус 1-8. Раніцай і днём пад уплывам чарговай сістэмы атмасферных франтоў, што перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы, на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца кароткачасовыя ападкі (мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж), слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра днём складзе ад мінус 2 да плюс 5.

У панядзелак, 27 лютага, ноччу яшчэ захаваецца ўплыў атмасферных франтоў, а днём надвор'е будуць вызначаць вільготныя і больш цёплыя паветраныя масы. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём у паўночна-ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Месцамі чакаецца слабы туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 2 да плюс 3, днём - 1-6 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе - да плюс 8.

У аўторак і сераду надвор'е ў Беларусі будуць фарміраваць вельмі цёплыя паветраныя масы, што перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы. У аўторак, 28 лютага, будзе пераважна без ападкаў, толькі ў паўночна-заходніх раёнах краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 1 да плюс 5, днём - 2-8 градусаў цяпла, па поўдні - да плюс 10.

"Надвор'е з адлігай садзейнічае раставанню і разбурэнню ледзянога покрыва на рэках Беларусі. Нягледзячы на тое што на большасці рэк краіны яшчэ захоўваецца ледастаў, месцамі ў ледзяным покрыве адзначаюцца праталіны і закраіны, з'явілася вада на лёдзе", - адзначыла сіноптык. Яна папярэдзіла, што выходзіць на лёд небяспечна ў сувязі з пачаткам працэсаў разбурэння ледзянога покрыва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі