Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 жніўня 2017, 11:28

Міністэрства аховы здароўя ініцыіруе перавагі для некаторых катэгорый абітурыентаў пры залічэнні ў медуніверсітэты

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя выйшла з прапановамі ў Міністэрства адукацыі па ўдасканаленні ўступнай кампаніі ва ўстановы медыцынскай адукацыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Маршалка.

У прыватнасці, Міністэрства аховы здароўя прапануе прадастаўляць пераважнае права на залічэнне ва ўстановы вышэйшай медыцынскай адукацыі пры роўнай агульнай суме балаў тым грамадзянам, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей. Гэта ініцыятыва таксама датычыцца тых, хто мае стаж работы па працоўным дагаворы (кантракце) па медыцынскім профілі не менш за год.

Міністэрства аховы здароўя таксама ініцыіруе прадастаўленне права пазаконкурснага залічэння на спецыяльнасці вышэйшай адукацыі профілю "Ахова здароўя" выпускнікам медкаледжаў з сярэднім балам атэстата 6,0, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве (з прадастаўленнем рэкамендацыі воінскіх часцей). Паводле слоў Вольгі Маршалка, гэта дасць магчымасць прыцягнуць да навучання прафесійна арыентаваных абітурыентаў з ліку асоб мужчынскага полу.

Для падрыхтоўкі кваліфікаваных, творча мыслячых і канкурэнтаздольных спецыялістаў у 2017 годзе Міністэрства аховы здароўя ўнесла змяненні ў патрабаванні да педработнікаў медыцынскіх ВНУ: мець вышэйшую адукацыю па профілі дысцыпліны, якая выкладаецца, вучоную ступень і (або) званне і адпаведную перападрыхтоўку па педагогіцы.

Укараненне інавацыйных адукацыйных тэхналогій (сімуляцыйнага навучання, методыкі "стандартызаваны пацыент", разнастайных форм камунікацый) дало магчымасць увесці ў медыцынскіх ВНУ з першага курса новыя вучэбныя дысцыпліны: "Першая дапамога", "Асновы медыцынскага догляду", "Біямедыцынская этыка і камунікацыі ў ахове здароўя". Акрамя таго, у 2017/2018 навучальным годзе ў медуніверсітэтах з першага курса ўводзіцца вучэбная практыка.

У 2017 годзе ў прыёмныя камісіі вышэйшых медыцынскіх устаноў адукацыі падалі дакументы 4 138 абітурыентаў, у сярэднія спецыяльныя медустановы - 6 988 абітурыентаў. У ВНУ залічана 2 461 чалавек, у ССНУ - 4 105. Сярэдні прахадны бал у вышэйшыя медустановы склаў ад 244 да 370, конкурс - ад 1,2 да 3,2 на месца. Сярэдні прахадны бал у ССНУ медпрофілю для паступаючых на аснове атэстата склаў 7,7, па выніках ЦТ - 169 балаў, конкурс - 1,7 на месца.

Паводле аператыўных даных, у 2017/2018 навучальным годзе ўсяго ва ўстановах вышэйшай медыцынскай адукацыі будуць вучыцца 19 816 студэнтаў, з іх 3 793 - гэта замежныя студэнты з 62 краін свету. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі навучанне будуць праходзіць 9 618 вучняў, з іх 154 замежныя навучэнцы з 13 краін свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі