Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 снежня 2017, 15:40

Корпус рэактара ўстаноўлены на другім энергаблоку Беларускай АЭС

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Корпус рэактара ўстаноўлены на другім энергаблоку Беларускай АЭС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе групы кампаній ASE, якая выступае генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам.

Корпус рэактара другога энергаблока Беларускай АЭС устаноўлены ў праектнае становішча 2 снежня. Гэта адна з ключавых падзей на этапе ўзвядзення энергаблока і зыходны пункт для пачатку мантажу асноўнага абсталявання першага контуру.

Устаноўка праводзілася ў два этапы. Спачатку корпус рэактара агульнай вагой большай за 330 т, даўжынёй 11 м і дыяметрам 4,5 м быў падняты на транспартны партал і на спецыяльнай цялежцы па рэйках перамешчаны ўнутр гермазоны. Далей з дапамогай палярнага крана корпус быў падняты ў цэнтральную залу рэактарнага аддзялення і ўстаноўлены на апорнае кальцо ў шахту рэактара.

"Устаноўка корпуса ў праектнае становішча адносіцца да адной з самых складаных аперацый на этапе будаўніцтва і патрабуе асаблівай зладжанасці выканання, - адзначыў віцэ-прэзідэнт па праекце Беларускай АЭС групы кампаній ASE Віталь Медзякоў. - Паколькі на апорнае кальцо прыпадае ўся вагавая нагрузка, то дапушчальнае адхіленне пры сумяшчэнні восей корпуса рэактара і апорнага кальца складае ўсяго адзін міліметр".

Праект атамнай электрастанцыі з ВВЭР-1200, па якім будуецца Беларуская АЭС, - адзін з самых сучасных у свеце, адносіцца да пакалення 3+ і адпавядае ўсім міжнародным нормам і рэкамендацыям Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). Галоўная асаблівасць праекта - камбінаванае выкарыстанне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Рашэнні, якія прымяняюцца ў праекце, цалкам адпавядаюць постфукусімскім патрабаванням да надзейнасці атамнай станцыі.

Група кампаній АЅЕ створана пры фарміраванні інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам" шляхам аб'яднання вядучых кампаній галіны: АТ "НІАЭП", АТ АБЭ, АТ "Атамэнергапраект" і АТ "Атампраект". Кампанія АЅЕ з'яўляецца адным з лідараў сусветнага атамнага інжынірынгавага бізнесу, займаючы больш за 30 працэнтаў глабальнага рынку будаўніцтва АЭС. Прадстаўніцтвы і аперацыйныя офісы кампаніі АЅЕ дзейнічаюць на тэрыторыі 15 краін, амаль 80 працэнтаў партфеля заказаў кампаніі прыпадае на праекты за мяжой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі