Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 жніўня 2016, 13:16

КДК Беларусі актывізуе супрацоўніцтва з Вышэйшай палатай кантролю Польшчы

26 жніўня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі актывізуе супрацоўніцтва з Вышэйшай палатай кантролю (ВПК) Польшчы. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня КДК Леанід Анфімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

25-26 жніўня праходзіць візіт у Беларусь дэлегацыі ВПК Польшчы на чале са старшынёй Кшыштафам Квяткоўскім.

"З калегамі з Польшчы ў нас устанавіліся вельмі цесныя дзелавыя кантакты, - адзначыў кіраўнік КДК. - Дэлегацыя ВПК упершыню прыбыла з візітам у Беларусь. Але мы сустракаліся на розных міжнародных мерапрыемствах".

У 2003 годзе ў Варшаве паміж ведамствамі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое прадугледжвае сумесныя кантрольныя мерапрыемствы, абмен вопытам і інфармацыяй. "Мы праводзім сумесныя аўдыты, навучальныя семінары, канферэнцыі. Наладжаны абмен вопытам і інфармацыяй. Супрацоўніцтва з польскімі калегамі актыўна развіваецца", - канстатаваў Леанід Анфімаў.

Узаемадзеянне паміж вышэйшымі органамі фінансавага кантролю Беларусі і Польшчы таксама вядзецца на рэгіянальным узроўні. У чэрвені гэтага года прадстаўнікі Вышэйшай палаты кантролю Польшчы ўдзельнічалі ў міжнародным семінары па пытаннях павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага фінансавага кантролю і аўдыту, арганізаваным Камітэтам дзяржкантролю ў Гродне. Акрамя абмеркавання перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, як на ўзроўні цэнтральных органаў, так і рэгіянальных структур, бакі абмяняліся вопытам кантрольных мерапрыемстваў у сваіх краінах.

Адно з важных сумесных кантрольных мерапрыемстваў адбылося ў 2014-2015 гадах. Вышэйшыя органы фінансавага кантролю Беларусі і Польшчы з удзелам украінскіх калег правялі міжнародны каардынаваны аўдыт аховы ад забруджвання вод ракі Заходні Буг. Вывучана выкананне рэкамендацый дзяржаўных кантралёраў трох краін, выпрацаваных у ходзе праведзенага яшчэ ў 2006 годзе аўдыту.

Кшыштаф Квяткоўскі высока ацаніў рэзультатыўнасць гэтага трохбаковага кантрольнага мерапрыемства (яго вынікі былі падведзены ў Любліне ў бягучым годзе): "Рэзультаты аўдыту паказалі, што пасля ажыццяўлення сумеснага кантролю сцёкавыя воды, якія паступаюць з тэрыторыі Беларусі ў басейн ракі Заходні Буг, экалагічна абсалютна чыстыя". Таксама ў час сустрэчы ў Любліне вышэйшыя органы фінансавага кантролю Беларусі, Польшчы і Украіны падпісалі сумеснае камюніке, у якім дамовіліся аб актывізацыі далейшай работы, накіраванай на паляпшэнне экалагічнага стану ракі Заходні Буг.

Старшыня ВПК Польшчы падкрэсліў, што ў параўнанні з кантралюючымі органамі іншых краін менавіта з КДК Беларусі наладжана найбольш плённае партнёрства. Ён прызнаў карысным вопыт КДК Беларусі. "Мы можам многаму навучыцца ў нашых беларускіх калег", - дадаў Кшыштаф Квяткоўскі.

Камітэт дзяржаўнага кантролю актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва з аналагічнымі ведамствамі іншых краін. Заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з вышэйшымі органамі фінансавага кантролю 15 краін свету. Камітэт дзяржкантролю з'яўляецца членам міжнароднай і еўрапейскай арганізацыі вышэйшых органаў фінансавага кантролю. Таксама развіваецца супрацоўніцтва ў СНД і Еўразійскім эканамічным саюзе. У гэтым годзе ў Мінску была праведзена сесія Савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю краін СНД, у якой удзельнічалі прадстаўнікі 9 дзяржаў, у тым ліку запрошаная ў якасці госця дэлегацыя Славакіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі