Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 верасня 2017, 09:00

Каля 500 тыс. актывістаў, студатрады, "100 ідэй для Беларусі" - галоўныя дасягненні БРСМ за 15 гадоў

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі 6 верасня спаўняецца 15 гадоў. Цяпер БРСМ аб'ядноўвае ў сваіх радах каля 500 тыс. юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 гадоў да 31 года, рэалізуе шэраг знакавых праектаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе грамадскага аб'яднання.

У БРСМ падкрэсліваюць, што "самая вялікая каштоўнасць арганізацыі - гэта людзі, якія не збіраюцца сядзець склаўшы рукі, а наадварот гатовы выкарыстоўваць свае здольнасці для таго, каб зрабіць больш цікавым, яркім, асэнсаваным сваё жыццё і жыццё сваіх равеснікаў". У ліку галоўных напрамкаў работы ў БРСМ назвалі арганізацыю другаснай занятасці моладзі. "Пры падтрымцы дзяржавы і асабіста Прэзідэнта ўдалося адрадзіць знакаміты камсамольскі брэнд - студатрадаўскі рух. Яго папулярнасць пацвярджаюць дзясяткі тысяч штогод працаўладкаваных юнакоў і дзяўчат, у тым ліку на рэканструкцыі часткі Аўгустоўскага канала, узвядзенні аб'ектаў Беларускай атамнай электрастанцыі, маладзёжных будоўлях ва ўсіх рэгіёнах краіны", - адзначылі ў грамадскім аб'яднанні.

У прэс-службе нагадалі аб праекце "100 ідэй для Беларусі", які стартаваў у 2011 годзе і стаў адным з самых папулярных у беларускай моладзі конкурсаў. Ён атрымаў статус міжнароднага - у красавіку 2016 года адбылася першая міжнародная выстаўка-прэзентацыя "100 ідэй для СНД".

Саюз моладзі рэалізуе шэраг сацыяльна значных праектаў: грамадзянска-патрыятычных ("Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь", "Кветкі Вялікай Перамогі", "Дзень вышыванкі", "Адкрыты дыялог"), дабрачынных праектаў ("Усе фарбы жыцця для цябе", "Аднаўленне святынь Беларусі", "У школу з Добрым Сэрцам"). Разам з МУС, МНС, Мінабароны, дзяржаўным пагранічным камітэтам БРСМ развівае рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, які накіраваны на падрыхтоўку маладых людзей да службы ў арміі, паступлення ў сілавыя ВНУ. Цяпер ён аб'ядноўвае больш за 15,5 тыс. маладых людзей. Звыш 35 тыс. юнакоў і дзяўчат прымаюць удзел у валанцёрскім руху грамадскага аб'яднання "Добрае Сэрца". Яны аказваюць дабрачынную дапамогу ветэранам, маладым інвалідам, дзецям-сіротам, удзельнічаюць у правядзенні маштабных спартыўных мерапрыемстваў. Акрамя таго, БРСМ актыўна наладжвае супрацоўніцтва з калегамі з іншых краін, удзельнічаючы ў правядзенні лагера "Бе - Lа - Русь", "Дружба", фестывалю "Моладзь за Саюзную дзяржаву" і іншых праектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі