Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 сакавіка 2017, 17:25

Качанава: работа са зваротамі грамадзян - адзін з важных складнікаў дзейнасці ўлады любога ўзроўню

24 сакавіка, Докшыцы /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава сёння прыняла ўдзел у пасяджэнні Докшыцкага райвыканкама (Віцебская вобласць), на якім разглядаліся пытанні арганізацыі работы са зваротамі грамадзян, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Докшыцкі раён - адзін з лепшых у Віцебскай вобласці па арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. Мясцовыя ўлады настроены на вырашэнне праблем насельніцтва, і таму ў вышэйшыя інстанцыі (аблвыканкам і рэспубліканскія ведамствы) паступаюць адзінкавыя скаргі і просьбы аб дапамозе. Размаўляючы з журналістамі пасля пасяджэння, Наталля Качанава адзначыла, што работа са зваротамі грамадзян - адзін з важных складнікаў дзейнасці ўлады любога ўзроўню. "Я ўбачыла, што ў Докшыцкім раёне яна вельмі добра, сістэмна выбудавана. Залог паспяховасці гэтай работы - у сувязі непасрэдна прадстаўнікоў улады і жыхароў гарадоў і раёнаў. Трэба як мага часцей арганізоўваць сустрэчы з грамадзянамі. Месцы для іх правядзення павінны вызначыць мясцовыя органы ўлады. У раёнах - гэта сельсаветы, у гарадах - ЖЭУ, напрыклад", - сказала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, работа са зваротамі грамадзян у гарадах і раёнах краіны вядзецца па-рознаму, вынікі таксама адрозніваюцца. "Там дзе больш удзяляюць увагі растлумачальнай рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства, дзе актыўна праводзяцца прыёмы грамадзян, там і пытанняў менш па ўсіх напрамках. Праблемы ў розных раёнах і гарадах таксама адрозніваюцца, недзе больш людзей хвалююць пытанні занятасці. Але вось у Докшыцах мяне парадавала тое, што тут практычна няма пытанняў з працаўладкаваннем. Гэта значыць, што яны паспяхова вырашаны", - адзначыла кіраўнік Адміністрацыі.

Наталля Качанава наведала і адно з прадпрыемстваў раёна - ААТ "Завод "Ветразь". Яна азнаёмілася з вытворчасцю, паразмаўляла з рабочымі і кіраўніцтвам завода і дала прадпрыемству высокую ацэнку. "Прадпрыемства стабільна працуе. Тут добрая заработная плата, - сказала кіраўнік Адміністрацыі. - Выпускаецца імпартазамяшчальная прадукцыя, якая патрэбна на рынку нашай краіны. Акрамя таго, на прадпрыемстве праглядаюцца добрыя перспектывы развіцця. Лічу, што тут яшчэ будуць адкрывацца рабочыя месцы. І стварэнне новых вытворчасцей, і стварэнне новых рабочых месц на перспектыву - гэта вельмі важна, гэта тое, аб чым гаворыць кіраўнік нашай дзяржавы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі