Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лютага 2018, 15:44

Качанава прадставіла калектыву Белтэлерадыёкампаніі новага кіраўніка

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава прадставіла калектыву Белтэлерадыёкампаніі новага кіраўніка - Івана Эйсманта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Іван Эйсмант многія гады працуе ў Белтэлерадыёкампаніі, яна стала для яго родным месцам, тут ён прайшоў усе стадыі свайго кар'ернага росту, адзначыла Наталля Качанава. "Я думаю, што ён справіцца. Гэта чалавек, які прырос душой, які жыве тым, што адбываецца ў арганізацыі, у калектыве. Тыя задачы, якія стаяць перад ім, думаю, будуць рэалізаваны. У гэтым няма ніякага сумнення", - сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Наталля Качанава пажадала Белтэлерадыёкампаніі творчых поспехаў. Нацыянальны інфармацыйны медыягігант, упэўнена яна, павінен прадаўжаць закладзеныя раней добрыя традыцыі, пры гэтым развіваючыся і змяняючыся ў лепшы бок, каб заваёўваць свайго гледача і слухача.

Размаўляючы з журналістамі, Іван Эйсмант адзначыў тую добрую ацэнку, якую атрымала кампанія за апошні час сваёй работы. "Але, вядома, любая структура павінна мяняцца. Павінны быць нейкія навацыі. Мы ў гэтым напрамку працуем ужо. Бліжэйшы маштабны план - пераход на HD-вяшчанне. Цяпер ідзе мантаж, закупка абсталявання. Гэта вялікая колькасць арганізацыйных, тэхнічных мерапрыемстваў", - сказаў ён. Да 7 лістапада бягучага года ўсе тэлеканалы пяройдуць на HD-фармат вяшчання.

"Трэба паглядзець на кожную праграму, якая выходзіць, асабліва на тэлеканале "Беларусь 1". Павінны з'явіцца новыя праграмы, новыя студыі, дэкарацыі. Гэта датычыцца ўсіх тэлеканалаў", - адзначыў Іван Эйсмант. Наперадзе ў Белтэлерадыёкампаніі шмат транснацыянальных праектаў. У прыватнасці, кампанія вядзе падрыхтоўку дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2018", які пройдзе ў беларускай сталіцы. 13 лютага адбудзецца пасяджэнне наглядальнага савета Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Акрамя таго, у планах кампаніі стварэнне яшчэ аднаго канала. Аднак пакуль Іван Эйсмант не стаў раскрываць падрабязнасці гэтага праекта.

Што датычыцца ранейшага кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, цяпер ён узначальвае сур'ёзную грамадскую арганізацыю "Белая Русь". Ён прадоўжыць весці тэлеперадачы, якія любяць гледачы. Наталля Качанава ў яго адрас выказала словы ўдзячнасці. Генадзь Давыдзька вельмі многа прыўнёс у развіццё кампаніі, адзначыла яна. Пры ім былі створаны і адкрыты новыя каналы. Кіраўніцтва краіны па заслугах ацэньвае ўсё тое, што зрабіў гэты чалавека на пасадзе кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі