Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лютага 2017, 17:43

Качанава аб дэкрэце нумар 3: людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач, паведаміла сёння журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, якая правяла ў Жодзіне выязны прыём па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Калі чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ён мае права звярнуцца з заявай у мясцовыя органы ўлады, якія надзелены паўнамоцтвамі вызваляць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў. "Па краіне я ўжо ведаю даволі шмат выпадкаў, калі людзі звярталіся і іх вызвалілі ад выплаты збору. І гэта работа будзе прадоўжана, прычым больш актыўна", - заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што дэкрэт нумар 3 дзейнічае не так шмат часу, а таму ацэньваць яго эфектыўнасць пакуль рана. "Будзе праходзіць маніторынг, мы будзем бачыць рэзультаты яго работы і пасля гэтага прымаць пэўныя рашэнні", - запэўніла яна.

Наконт паведамленняў на выплату збору па фінансаванні дзяржрасходаў, якія былі накіраваны амаль 470 тыс. беларускіх грамадзян, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла: "Неабавязкова, што ўсе гэтыя людзі з'яўляюцца асобамі, якія сёння не заняты нейкай дзейнасцю". Яна растлумачыла, што яшчэ не завяршылася фарміраванне баз даных, яны абнаўляюцца і ўдакладняюцца, а таму тут магчымы памылкі. "Мы нацэльвалі на гэта Міністэрства па падатках і зборах, нашы інспекцыі на месцах, каб яны прасілі выбачэння ў людзей, калі раптам нейкія недакладнасці былі дапушчаны пры накіраванні паведамленняў", - расказала Наталля Качанава. Аднак у гэтай сітуацыі ёсць і другі бок медаля: нядобрасумленныя грамадзяне, якія па пошце адсылаюць іншым "ліпавыя" дакументы на выплату збору. "Інакш кажучы, існуе і нейкая спекуляцыя на гэтым пытанні", - заўважыла яна.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама адзначыла, што ў краіне застаецца катэгорыя грамадзян, якія проста не хочуць працаваць. "Але дэкрэт гэты не нацэлены на тое, каб прымусіць некага працаваць. Гэта няправільна. Размова ідзе аб тым, што ўсе грамадзяне павінны ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных расходаў", - падкрэсліла яна. Пры гэтым Наталля Качанава канстатавала, што ў Беларусі значныя фінансавыя затраты з бюджэту прыпадаюць на сацыяльную сферу, адукацыю і ахову здароўя. "Гэта даброты, якімі карыстаюцца жыхары нашай краіны, таму адпаведным чынам яны павінны ўдзельнічаць у фінансаванні гэтых расходаў", - падкрэсліла яна.

Наталля Качанава таксама дадала, што вядзецца работа па стварэнні новых рабочых месц, каб грамадзяне, якія маюць складанасці з працаўладкаваннем, маглі вырашыць гэта пытанне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі