Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 кастрычніка 2017, 11:52

Кабякоў даручыў вызначыць дакладны механізм узаемадзеяння таварыстваў уласнікаў са службай 115

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў даручыў вызначыць дакладны механізм узаемадзеяння таварыстваў уласнікаў са службай 115. Адпаведнае даручэнне кіраўнік урада даў сёння, наведваючы Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама ў ходзе рэспубліканскага семінара па ўдасканаленні сістэмы ЖКГ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Таварыствы ўласнікаў цяпер могуць не падключацца да службы 115, самастойна набіраючы штат неабходных спецыялістаў. Аднак у экстранных сітуацыях, напрыклад, пры неабходнасці тэрміновага ўстаранення непаладкі ў начны час у людзей павінна быць магчымасць звярнуцца і ў службу 115, лічыць прэм'ер-міністр. "Трэба нейкім чынам гэту сістэму выбудаваць. "Белых плям" у рабоце службы 115 у прынцыпе быць не павінна. Магчыма, гэта будзе абмежаваны пералік па іх жаданні, але таварыствы ўласнікаў таксама неабходна ўлічыць", - даручыў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Церахава, работа службы 115 у гэтым напрамку будзе ўдасканальвацца. "Некаторыя таварыствы настолькі самастойныя і аказваюць усе віды паслуг, што нават адмаўляюцца ад аварыйнага абслугоўвання. Вядома, на практыцы мы бачым, што насельніцтва ад гэтага можа пакутаваць. Калі ноччу адбываецца аварыйная сітуацыя, немагчыма знайсці старшыню таварыства ўласнікаў, таму павінен быць мінімальны набор паслуг па аварыйным рэагаванні, якія павінны аказвацца ў абавязковым парадку. Для сістэмы ЖКГ галоўнае выбудаваць такую сістэму, дзе ў аснове будзе чалавек і яго інтарэсы", - падкрэсліў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі