Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 мая 2018, 12:00

ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праходзіць у Мінску

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праходзіць у Мінску з 3 па 5 мая, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў, віцэ-губернатар Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі Ірына Сакалова, генеральны дырэктар агенцтва Trend (Азербайджан) Ільгар Гусейнаў.

Уладзімір Жаўняк зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам выстаўкі і павіншаваў з надыходзячым прафесійным святам, пажадаўшы невычэрпнай энергіі і поспехаў у прафесіі.

У выстаўцы, якая праходзіць з 3 па 5 мая, удзельнічаюць больш за 50 экспанентаў. Яны прадстаўляюць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Упершыню прадстаўлены СМІ з Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Экспазіцыйная плошча выстаўкі - больш за 1 тыс. кв. м.

Выстаўка "СМІ ў Беларусі" адлюстроўвае ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы краіны. Яе ўдзельнікі - друкаваныя і аўдыявізуальныя рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб'ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы. Экспазіцыі падрыхтавалі рэспубліканскія і рэгіянальныя друкаваныя і электронныя СМІ, спецыялізаваныя і ведамасныя выданні, газеты вышэйшых навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый.

На тры дні работы выстаўкі запланавана насычаная праграма. Адбудуцца прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі і многае іншае. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркуюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролю СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы выстаўкі.

Новаўвядзенне сёлетняй выстаўкі СМІ - Дзень рэгіянальнай прэсы, паколькі яна адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю. Дзень рэгіянальнай прэсы - 4 мая.

Яшчэ адна асаблівасць - Дзень дзяцей і моладзі. Дзіцячая пляцоўка, якая працуе ў час выстаўкі, прапануе цікавыя разнапланавыя праграмы, а 5 мая пройдзе вялікая колькасць мерапрыемстваў для дзяцей.

ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праходзіць у выставачным комплексе па адрасе пр. Пераможцаў, 14.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП "Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа", іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі