Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 кастрычніка 2021, 14:32

Бузоўскі: сям'я з'яўляецца неад'емнай часткай жыццеўладкавання дзяржавы

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сям'я - неад'емная частка жыццеўладкавання дзяржавы, заявіў сёння намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі мы гаворым, што "моцная сям'я - моцная дзяржава", гэта не пустыя словы, гэта неад'емная частка жыццеўладкавання дзяржавы. Нам неабходна разам з абмеркаваннем гэтай праблематыкі трансліраваць грамадскую пазіцыю праз СМІ, праз крыніцы, якія выступаюць камунікацыйнымі рэсурсамі паміж грамадствам і органамі ўлады, для атрымання зваротнай сувязі", - сказаў Ігар Бузоўскі.

Паводле яго слоў, гэта работа нацэлена на адзіную мэту - умацаванне сям'і і сямейных каштоўнасцей. Гэта асабліва важна сёння, калі ідзе трансфармацыя грамадства. Менавіта на гэта нацэлены і рэспубліканскі творчы конкурс "Моцная сям'я - моцная дзяржава", вынікі якога падведзены сёння.

"Конкурс праводзіцца ўжо 14 гадоў. Гэта мацнейшы інструментарый, які дае нам магчымасць кансалідавацца. Таму я шчыра ўдзячны тым, хто падтрымлівае гэту тэму", - адзначыў намеснік міністра.

Асноўная мэта конкурсу - рэалізацыя задач дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, умацаванне прэстыжу інстытута сям'і ў грамадстве як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей і традыцый.

У конкурсе маглі прыняць удзел СМІ, асобныя журналісты СМІ (па прадстаўленні юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ). На конкурс прадастаўляліся матэрыялы, што былі апублікаваны ў друку або выйшлі ў эфір тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ з 15 кастрычніка 2020 года па 15 жніўня 2021 года. Усяго паступіла 104 работы ад 18 рэспубліканскіх і 86 рэгіянальных СМІ.

Конкурс праводзіўся па наступных намінацыях: "Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ", "Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ", "Лепшыя матэрыялы, якія выйшлі ў эфір рэспубліканскіх тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ", "Лепшыя матэрыялы, якія выйшлі ў эфір рэгіянальных тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ", "Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ", "Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ".

Пераможцам у намінацыі "Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ" стала аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь БЕЛТА Аліна Грышкевіч. У намінацыі "Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ" адзначаны калектыў рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА.

Арганізатары конкурсу - Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз жанчын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі