Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 сакавіка 2017, 11:51

Больш за 357,3 тыс. школьнікаў атрымаюць пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры на летніх канікулах

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 357,3 тыс. школьнікаў атрымаюць пуцёўкі ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры на летніх канікулах 2017 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Ён адзначыў, што ўсе дзеці і падлеткі, якія хочуць адпачыць у лагерах і маюць патрэбу ў летнім аздараўленні, атрымаюць такую магчымасць. "Сумесна з упраўленнямі адукацыі праведзены маштабны маніторынг неабходнасці ў пуцёўках, вызначана патрэбнасць у аздараўленні дзяцей на летніх канікулах, - сказаў субяседнік. - Агульны аб'ём летняга аздараўлення па рэгіёнах рэспублікі сфарміраваны зыходзячы з заявак устаноў адукацыі".

Так, у летнія месяцы ў лагерах розных тыпаў адпачнуць і ўмацуюць здароўе ў Брэсцкай вобласці 61,5 тыс. школьнікаў, у Віцебскай - 43 620, у Гомельскай - 43 655, у Гродзенскай - 46 765, у Мінскай - 53 620, у Магілёўскай вобласці - 42 тыс., у Мінску - 66 160 дзяцей і падлеткаў.

Памеры датацый на пуцёўкі ў летні перыяд 2017 года павялічаны ў сярэднім на 9 працэнтаў. Так, датацыя на адну пуцёўку ў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён складзе Br175, у аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш як 9 дзён - Br75, у аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён - Br72, у аздараўленчы лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён - Br80, у спартыўна-аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён - Br82, у спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам 18 дзён - Br196, у спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш як 9 дзён - Br85.

У цэлым асігнаванні са сродкаў рэспубліканскага бюджэту на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года дасягаюць амаль Br37,9 млн, у тым ліку на патанненне кошту пуцёвак у аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры - амаль Br37,3 млн, на падрыхтоўку стацыянарных лагераў да работы ў летні перыяд - Br583,2 тыс.

Як паведамлялася раней, у 2016 годзе патрэбнасць у летнім аздараўленні ўсіх дзяцей, якія маюць у ім патрэбу і хочуць адпачыць, задаволена ў поўным аб'ёме. У лагерах усіх тыпаў адпачылі 360,3 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Штогод уладальнікамі пуцёвак становяцца больш за 30 працэнтаў хлопчыкаў і дзяўчынак гэтага ўзросту (напрыклад, у 2016 годзе - 31,9 працэнта). Акрамя таго, павялічваецца колькасць дзяцей старэйшай узроставай групы (ад 15 да 18 гадоў), аздароўленых у лагерах па розных профілях дзейнасці (у мінулым годзе - 37,7 тыс. падлеткаў, што на 1,8 тыс. больш у параўнанні з 2015 годам). У лагеры працы і адпачынку пуцёўкі выдзелены 15,9 тыс. падлеткаў, або 112 працэнтаў ад плана. Традыцыйна ў цэнтры ўвагі знаходзяцца дзеці-інваліды, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, адзначыў Генадзь Балбатоўскі. Так, у мінулым годзе пуцёўкі выдзелены 4,8 тыс. дзяцей-інвалідаў і 15,1 тыс. дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Рознымі формамі аздараўлення і занятасці летам мінулага года было ахоплена 97,8 працэнта дзяцей, якія стаяць на прафілактычным уліку ў ІСН і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (у 2015 годзе - 95 працэнтаў).

У Беларусі аздараўленне школьнікаў праводзіцца таксама на асенніх, зімовых, вясенніх канікулах у лагерах з дзённым знаходжаннем і ў профільных лагерах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі