24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 357 тыс. дзяцей атрымаюць магчымасць прайсці аздараўленне ў летніх лагерах Беларусі. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік сёння на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да заканчэння навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Звыш 357 тыс. дзяцей будуць мець магчымасць аздаравіцца ў лагерах. Гэта планавыя паказчыкі, якія сфарміраваны па лічбах патрэбнасці ў аздараўленні", - сказала Марыя Саротнік.
Улічваючы, што 2017 год у Беларусі - гэта Год навукі, многія лагеры стануць профільнымі. У іх дзеці атрымаюць магчымасць заняцца цікавымі даследаваннямі. Напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства арганізуе лагеры для юных біёлагаў, лесаводаў, экскурсаводаў, краязнаўцаў, Рэспубліканскі цэнтр навукова-тэхнічнай творчасці - для юных робататэхнікаў. "Кожнае дзіця зможа выбраць тое, што яму даспадобы, і развіваць свае здольнасці і таленты", - адзначыла начальнік упраўлення.
Работа дзіцячых аздараўленчых лагераў будзе прадаўжацца летам на працягу трох-пяці змен. "У лагерах падрыхтавана матэрыяльная база, добрыя педагагічныя кадры. Думаю, і бацькі, і дзеці з нецярпеннем чакаюць заезду", - дадала Марыя Саротнік.-0-