Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 кастрычніка 2016, 14:01

Беларусь зможа рэалізаваць усе Мэты ўстойлівага развіцця да 2030 года - Самарасінха

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зможа рэалізаваць усе Мэты ўстойлівага развіцця да 2030 года. Упэўненасць у гэтым выказаў пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха на ўрачыстай цырымоніі пасадкі дрэва ў гонар 71-й гадавіны Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і старту кампаніі "Інклюзіўная Беларусь: не пакідаючы нікога ўбаку ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонія адбылася на тэрыторыі Лошыцкага парку з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, іншых міністэрстваў і ведамстваў, Мінскага гарвыканкама, дыпламатычнага корпуса, грамадскасці.

"Беларусь выканала ўстаноўленыя паказчыкі Мэт развіцця тысячагоддзя (Дэкларацыя тысячагоддзя была аднагалосна адобрана ўсімі дзяржавамі - членамі ААН у 2000 годзе, МРТ вызначалі агульныя прыярытэты на перыяд да 2015 года. - Заўвага БЕЛТА), - канстатаваў Санака Самарасінха. - Упэўнены, што рэспубліка зможа рэалізаваць усе Мэты ўстойлівага развіцця да 2030 года. Прагрэс Беларусі на гэтым шляху будзем адзначаць штогод пасадкай дрэў".

Цэнтральнай тэмай кампаніі "Інклюзіўная Беларусь" з'яўляецца Мэта ўстойлівага развіцця нумар 10 - зніжэнне няроўнасці. Кампанія накіравана на павышэнне дасведчанасці грамадства аб бар'ерах і няроўнасці, на барацьбу са стыгматызацыяй сацыяльна слабаабароненых груп насельніцтва.

Намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў акцэнтаваў увагу на высокім узроўні ўзаемадзеяння з агенцтвамі ААН у Беларусі. На яго думку, запуск кампаніі "Інклюзіўная Беларусь" будзе садзейнічаць далейшым намаганням у сферы развіцця.

Сёння ў холе Палаца Рэспублікі адкрыецца выстаўка агенцтваў ААН у Беларусі. Сярод запрошаных - прадстаўнікі дзяржструктур, прыватнага сектара, грамадскіх арганізацый, сацыяльна слабаабароненых груп насельніцтва. Дзень ААН завершыцца інклюзіўным канцэртам у Малой зале Палаца Рэспублікі. У ім прымуць удзел прадстаўнікі сацыяльна слабаабароненых груп насельніцтва, артысты, паслы добрай волі ААН.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі