Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 жніўня 2017, 16:27

Беларусь і Судан маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі

7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Судан маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня" 6 жніўня сустрэліся міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і міністр вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Судана Сумая Махамед Ахмед Абукашва. У перагаворах таксама прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, кіраўнікі ўніверсітэтаў Судана.

"Нашаму супрацоўніцтву надалі новы імпульс кіраўнікі краін, падпісаўшы двухбаковае пагадненне аб цесным супрацоўніцтве ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку навуковай і адукацыйнай. Гэты візіт мы разглядаем як чарговы практычны крок, рады таму, што наша жаданне працаваць сумесна ў галіне адукацыі ўзаемнае", - адзначыў Ігар Карпенка.

Міністр вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Судана выказала ўпэўненасць, што сувязь паміж універсітэтамі Беларусі і Судана будзе наладжана ў самыя кароткія тэрміны. "Калі паміж нашымі ўніверсітэтамі будзе наладжана прамая сувязь, то мы хутчэй рэалізуем планы, звязаныя з пашырэннем абмену студэнтамі і выкладчыкамі", - сказала Сумая Махамед Ахмед Абукашва.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што беларускія ВНУ гатовы супрацоўнічаць па многіх напрамках, у тым ліку ў плане ўдасканалення падрыхтоўкі педагогаў, якія выкладаюць арабскую мову, а таксама ў плане стажыровак суданскіх студэнтаў ва ўніверсітэтах рэспублікі. Таксама ён адзначыў, што ў сістэме адукацыі Беларусі ўзяты курс на пашырэнне пераліку спецыяльнасцей і спецыялізацый вышэйшай адукацыі, магістарскай падрыхтоўкі, дзе выкладанне вядзецца на англійскай мове. "Гэты напрамак адкрывае новыя перспектывы перад замежнымі студэнтамі. І ў рамках міжуніверсітэцкіх дамоўленасцей мы можам дасягнуць добрых рэзультатаў", - падкрэсліў Ігар Карпенка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі