Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 мая 2016, 15:38

Амаль 5 тыс. дзіцячых аздараўленчых лагераў адкрыецца ў першую змену

30 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ў першую змену прымуць дзяцей 4 490 аздараўленчых лагераў, з іх 790 - з кругласутачным і 3 700 - з дзённым знаходжаннем. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва пры Савеце Міністраў Беларусі Генадзь Балбатоўскі.

Ён адзначыў, што ў бягучым годзе значна ўзрасла колькасць спартыўна-аздараўленчых лагераў (іх у чэрвені адкрыецца 897). Акрамя таго, у першую змену плануецца работа 542 профільных лагераў з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не меншым за 9 дзён, а таксама 561 лагера працы і адпачынку. Адна з задач летняй аздараўленчай кампаніі - пашырэнне напрамкаў дзейнасці для высокаматываваных дзяцей (юных археолагаў, эколагаў, энтамолагаў, паэтаў і інш.). Запатрабаваны таксама абаронна-спартыўныя і ваенна-патрыятычныя, турысцка-краязнаўчыя лагеры.

Генадзь Балбатоўскі растлумачыў, што ў першую змену прымуць дзяцей 143 стацыянарныя лагеры (работа будзе арганізавана ў чатыры змены). Яшчэ пяць лагераў адкрыюцца з другой змены (і адпаведна будуць працаваць на працягу трох змен). Усяго было запланавана да адкрыцця ў летні аздараўленчы перыяд 148 стацыянарных лагераў.

У першую змену прадугледжваецца аздараўленне 218,2 тыс. дзяцей (62 працэнты ад плана на ўвесь летні перыяд), з іх 50,8 тыс. - у кругласутачных лагерах. Не страчвае папулярнасці і аздараўленне ў лагерах з дзённым знаходжаннем - у іх правядуць першую змену 167,4 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак.

На падрыхтоўку загарадных аздараўленчых лагераў да работы ў летні перыяд накіравана, паводле аператыўных даных, амаль Br50 млрд, у тым ліку са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання - Br5,4 млрд, уласнікаў лагераў - Br18,5 млрд, мясцовых бюджэтаў - Br24,2 млрд. Гэта дало магчымасць стварыць неабходныя ўмовы для забеспячэння патрабаванняў бяспекі па захаванні жыцця і здароўя дзяцей, выканання санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, стандартаў і норм аховы працы. Выкананы рамонтныя работы ў жылых памяшканнях і харчаблоках. У загарадных аздараўленчых лагерах да летняга сезона абследаваны тэхнічны стан будынкаў, збудаванняў, інжынерных камунікацый, надворнага гульнявога і спартыўнага абсталявання. Паводле слоў субяседніка, прыёмка лагераў гэтымі днямі завершыцца.

У цэлым на правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі 2016 года са сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выдзелена звыш Br345 млрд (усяго плануецца аздаравіць на летніх канікулах больш як 350 тыс. дзяцей, з іх 143,4 тыс. - у кругласутачных лагерах). Для арганізацыі эфектыўнай сістэмы дзіцячага аздараўлення была вызначана рэальная патрэбнасць у аздараўленні ў разрэзе рэгіёнаў, узроставых груп і профіляў лагераў.

Прыняты меры па забеспячэнні пуцёўкамі падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН. Асаблівая ўвага ўдзяляецца аздараўленню дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў.

Як паведамлялася БЕЛТА раней, памеры датацый на пуцёўкі для дзяцей у лагеры на летніх канікулах у бягучым годзе павялічаны на 14 працэнтаў да ўзроўню 2015-га. Так, са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне адной пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем выдзяляецца Br1,6 млн, з дзённым знаходжаннем - Br660 тыс., у профільныя аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не меншым за 9 дзён - Br680 тыс., у лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем - Br740 тыс. Упершыню ў Беларусі ўведзена асобная датацыя на пуцёўку ў спартыўна-аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем - яе памер складае Br1,8 млн.

Летам мінулага года было аздароўлена 362 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў (105,2 працэнта да плана). Аздараўленне школьнікаў традыцыйна праводзіцца таксама на асенніх, зімовых, вясенніх канікулах у лагерах з дзённым знаходжаннем і ў профільных лагерах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі