Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2016, 15:21

Амаль 350 тыс. дзяцей Беларусі пройдуць аздараўленне гэтым летам

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 350 тыс. дзяцей Беларусі пройдуць аздараўленне летам 2016 года, паведаміў журналістам намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе выказалі жаданне аздаравіцца 349 тыс. дзяцей - гэта планавая лічба. Практыка апошніх гадоў паказвае, што гэта лічба перавыконваецца. Напрыклад, у 2015 годзе была заяўка на 344 тыс. дзяцей, а рэальна аздаравіліся 362 тыс. Сістэма адукацыі гатова да перавыканання плана", - сказаў Віктар Якжык.

Паводле яго слоў, міністэрства на працягу апошніх гадоў практыкуе выбарачныя апытанні бацькоў і дзяцей аб жаданні і магчымасцях правядзення аздараўленчага сезона ў летні час. Апытанне паказвае, што 32-36 працэнтаў дзяцей хочуць аздараўлівацца, гэтай лічбы прытрымліваюцца пры фарміраванні планавых паказчыкаў аздараўлення. Так, у мінулым годзе аздаравіліся 32,7 працэнта ад агульнай колькасці дзяцей ад 6 да 18 гадоў.

У летнюю аздараўленчую кампанію гэтага года будзе пашыраны пералік напрамкаў дзейнасці, у тым ліку за кошт лагераў для высокаматываваных дзяцей, юных эколагаў, юных археолагаў і інш. Для папулярызацыі педагагічных прафесій прадугледжваецца павялічыць колькасць профільных валанцёрскіх лагераў для дзяцей, якія выказваюць інтарэс да гэтай дзейнасці.

Традыцыйна папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў карыстаюцца турыстычныя палатачныя кругласутачныя лагеры. Гэты від аздараўлення запатрабаваны ў непаўналетніх, у тым ліку па прычыне невысокага кошту пуцёўкі. Функцыянуюць яны, як правіла, у 9-дзённым рэжыме, з выкарыстаннем палатак, з размяшчэннем як на базе стацыянарных аздараўленчых лагераў, так і ў перасовачным рэжыме, калі турысты ідуць па загадзя зацверджаным маршруце. Асаблівым інтарэсам у дзяцей і падлеткаў карыстаюцца ваенна-патрыятычныя і абаронна-спартыўныя лагеры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі