Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 жніўня 2016, 12:12

Адзіны дзень бяспекі ў Мінску прысвечаны прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пройдзе ў сталіцы 26 жніўня пад дэвізам "Званок запрашае, дарога абавязвае!", паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху ў сувязі з заканчэннем летніх канікулаў і хуткім пачаткам новага навучальнага года - адно з мерапрыемстваў спецыяльнай комплекснай акцыі "Увага - дзеці!" - прысвечаны прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. "Супрацоўнікі ДАІ наведаюць школы і дашкольныя дзіцячыя ўстановы, працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, правядуць тэматычныя акцыі. Перад пачаткам навучальнага года бацькам неабходна чарговы раз нагадаць сваім дзецям аб правілах бяспечных паводзін паблізу праезнай часткі, на прыпыначных пунктах і нават у жылой зоне", - расказалі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

У ДАІ адзначылі, што за 7 месяцаў бягучага года ў Мінску з удзелам дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў учынена 23 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 22 дзіцяці паранены і 1 загінуў. Асноўнымі прычынамі ДТЗ з удзелам дзяцей з'яўляюцца парушэнні вадзіцелямі правіл праезду пешаходных пераходаў і скрыжаванняў, парушэнні скорасных рэжымаў і правіл манеўравання.

Вадзіцелям неабходна быць больш пільнымі пры праездзе пешаходных пераходаў, паблізу прыпыначных пунктаў, устаноў адукацыі і дзіцячых забаўляльных цэнтраў, а таксама быць гатовымі да нечаканага з'яўлення дзяцей на дарозе. Пры руху ў жылой зоне трэба захоўваць скорасны рэжым і звяртаць увагу не толькі на праезную частку, але і на тратуары, дзіцячыя пляцоўкі, паколькі дзеці могуць бегчы дадому (ці з дома), не азірнуўшыся. Асабліва небяспечныя і транспартныя сродкі, якія стаяць, - дзяцей з-за такіх перашкод папросту не відаць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі