Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 верасня 2016, 15:54

Абноўленую гульню "Фінансавы футбол 2.0" прэзентавалі ў Мінску

28 верасня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Асацыяцыя беларускіх банкаў і Visa прадставілі ў Мінску абноўленую гульню "Фінансавы футбол 2.0", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў у час прэзентацыі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц, фінансавая дасведчанасць - адзін з найбольш важных напрамкаў работы Нацбанка. "З кампаніяй Visa мы супрацоўнічаем з 2013 года, і за гэты час праведзена ўжо вялікая работа: адаптавана да беларускіх рэалій гульня "Фінансавы футбол", праведзена першае ў краіне даследаванне фінансавай дасведчанасці насельніцтва, выпушчаны брашуры і падручнікі на гэту тэму", - растлумачыў ён.

Рэгіянальны менеджар кампаніі Visa ў Беларусі, Малдове і Азербайджане Ігар Кавалёў адзначыў, што кампанія займаецца распрацоўкай праграм, накіраваных на павышэнне фінансавай дасведчанасці, ужо больш за дзесяць гадоў. "Фінансавыя веды даюць магчымасць навучыцца выбудоўваць асабісты бюджэт, кантраляваць свае расходы і зберажэнні. А павышэнне фінансавай дасведчанасці садзейнічае росту дабрабыту людзей і эканамічнаму развіццю грамадства. "Фінансавы футбол" у займальнай манеры падачы фінансавых ведаў прыцягвае ўвагу моладзі і дарослых людзей ва ўсім свеце", - рэзюмаваў ён.

Гульня "Фінансавы футбол" з'яўляецца часткай глабальнай ініцыятывы Visa па павышэнні фінансавай дасведчанасці сярод моладзі. Беларусь - адна з 40 краін, якія ўдзельнічаюць у праекце. Упершыню гульня была запушчана ў нашай краіне ў 2010 годзе. У верасні 2016 года выпушчана абноўленая версія гульні, у якой прадстаўлены новыя модулі і пытанні. "Фінансавы футбол" правярае веды іграка ў галіне кіравання асабістымі фінансамі і навучае правільна распараджацца сваімі грашыма па меры таго, як ігрок рухаецца да варотаў праціўніка, каб забіць гол. У гульні прадугледжаны тры ўзроўні складанасці - для старшакласнікаў, студэнтаў і больш дарослай аўдыторыі. "Фінансавы футбол 2.0" будзе выпушчаны на дысках першапачатковым тыражом 3 тыс. экзэмпляраў.

Асацыяцыя беларускіх банкаў і кампанія Visa таксама плануюць правядзенне сумесных публічных лекцый ва ўніверсітэтах, выданне практычнага дапаможніка па кіраванні асабістымі фінансамі. Visa таксама падтрымала выданне кнігі "Грашовая азбука" для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, у 2016 годзе выйшла другое выданне кнігі. Частку тыражу Visa перадасць Нацыянальнаму банку Беларусі (800 экзэмпляраў), частку - Нацыянальнай бібліятэцы (100 экзэмпляраў).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі