Сцяг Панядзелак, 6 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 сакавіка 2016, 13:14

Лукашэнка: збалансаваць сітуацыю ва Украіне без ЗША немагчыма

30 сакавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Збалансаваць сітуацыю ва Украіне без ЗША немагчыма. Такое меркаванне сёння выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выклікі, якія складваюцца ва Усходняй Еўропе, "калі не сёння, то заўтра здольны сур'ёзна паўплываць на сітуацыю ў Еўропе наогул". "Збалансаваць сітуацыю тут, маю на ўвазе Украіну і іншыя тэндэнцыі, без Злучаных Штатаў немагчыма", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён падкрэсліў, што гэта яго цвёрдая перакананасць, і нагадаў, што не аднойчы заяўляў аб гэтым публічна яшчэ да правядзення ў Мінску саміту "нармандскай чацвёркі".

Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў тады падключыць да ўрэгулявання крызісу ва Украіне Злучаныя Штаты Амерыкі, час паказаў, што кіраўнік беларускай дзяржавы меў рацыю. "Калі Злучаныя Штаты захочуць заўтра спыніць вайну на ўсходзе Украіны і зробяць некалькі крокаў у гэтым напрамку, гэта мясарубка там будзе скончана", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Беларускі бок не ў захапленні ад актывізацыі Паўночнаатлантычнага альянсу, так званага руху НАТА на Усход. "Мы не можам на гэта не рэагаваць, таму што гэта адбываецца непасрэдна каля нашых граніц, - сказаў беларускі лідар. Ён дадаў, што ні ў якім разе не жадае дэманізаваць, гіпербалізаваць гэты працэс. Аляксандр Лукашэнка не схільны думаць, што НАТА збіраецца ваяваць з Расіяй ці Беларуссю. "У цяперашніх умовах гэта неверагодна і нікому не патрэбна", - адзначыў ён.

Больш таго, кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены, што ні Амерыцы, ні Еўропе не патрэбны яшчэ адзін канфлікт ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. "Веру ў тое, гэта і дэкларуюць палітыкі ЗША, што Амерыка абсалютна хоча мірнай і незалежнай Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт мяркуе, што ў Злучаных Штатах Амерыкі зацікаўлены ў міры і спакоі ў Еўропе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі