Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 красавіка 2018, 12:58

Лукашэнка патрабуе павышэння прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі

3 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе павышэння прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі. Аб гэтым ён заявіў сёння на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У жывёлагадоўлі асаблівая роля належыць малочнаму напрамку. Тое, што ён з'яўляецца крыніцай паступлення грашовых сродкаў, добра. Дрэнна, што гэта адзіная стабільная крыніца для вельмі многіх гаспадарак. У нас набыты вопыт інтэнсіфікацыі малочнай вытворчасці. У шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый удой у сярэднім большы за 10 т малака (за год ад каровы. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але ёсць і адваротныя прыклады, калі ў асобных гаспадарках у мінулым годзе не выйшлі нават на 1 тыс. 800 кг. Менш за 2 т. Куды глядзяць кіраўнікі гаспадарак і раёнаў? Такія факты проста недапушчальныя! Агульная сітуацыя таксама насцярожвае".

"Няўжо міністр сельскай гаспадаркі не бачыць, што колькасць нарыхтоўваемых кармоў расце, а паляпшэння прадукцыйнасці малочнага статка такімі тэмпамі не назіраецца? Значыць, кармоў шмат, але яны не тыя", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, выбраная сіласна-канцэнтратная сістэма вельмі затратная і найменш адпавядае фізіялагічным патрэбнасцям жывёл. "Трэба тэрмінова выпраўляць становішча!" - лічыць Прэзідэнт.

У якасці негатыўнага прыкладу ён прывёў той факт, што ў 2017 годзе ў некаторых гаспадарках на пабудаваных па праграме малочнатаварных комплексах надоена толькі 1,5 тыс. кг малака ад адной каровы. "Куды гэта варта? Для чаго мы трацілі вялікія сродкі, ствараючы гэтыя малочнатаварныя комплексы? Лічу, што і віцэ-прэм'ер, і Міністэрства сельскай гаспадаркі, і асабліва кіраўнікі абласцей павінны дэталёва разабрацца ў прычынах нізкай прадукцыйнасці жывёлы на новых малочнатаварных фермах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у краіне нямала прыкладаў, калі гаспадаркі ў яўна нявыгадных глебавых умовах маюць больш высокія вынікі, чым тыя, якія размешчаны на ўрадлівых землях.

"Інвестыцыі ў мадэрнізацыю малочнай галіны далі станоўчыя вынікі. Амаль 40 працэнтаў малочнатаварных ферм працуюць па сучасных тэхналогіях. Але нямала іх яшчэ застаецца недабудаванымі. Патрабаванні да ўрада і аблвыканкамаў ранейшыя: да канца гэтай пяцігодкі завяршыць усё пачатае будаўніцтва такіх ферм", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Нараўне з гэтым ён звярнуў увагу, што мала пабудаваць добры будынак і ўстанавіць найноўшае абсталяванне, трэба яшчэ ўкамплектаваць фермы высакаякасным статкам, паўнацэнна і танна накарміць жывёл і захаваць іх здароўе.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць павелічэння прадукцыйнага гаспадарчага выкарыстання кароў. "На гэтай аснове трэба павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы зыходзячы з крытэрыю: адна галава на адзін гектар сельскагаспадарчых угоддзяў, - сказаў ён. - На жаль, у гаспадарках пагалоўе кароў павялічваецца нізкімі тэмпамі".

Павышэнне прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі павінна быць забяспечана і за кошт сістэмнай селекцыйна-племянной работы. "Тут рашаючае слова за вучонымі. Створана папуляцыя галштынскай жывёлы айчыннай селекцыі. Па прадукцыйнасці ў два разы пераўзыходзіць нашу чорна-пярэстую пароду. Што яшчэ трэба? Толькі дысцыпліна выканання. Яе павінны забяспечыць мясцовыя ўлады", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў ураду сумесна з аблвыканкамамі забяспечыць адпаведны ўзровень селекцыйнай работы і падрыхтаваць неабходныя кадры для гэтага напрамку. "Нашы магчымасці ў селекцыйнай рабоце павінны даць штуршок развіццю эфектыўнай мясной жывёлагадоўлі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна даць дзейсны імпульс развіццю свінагадоўлі, птушкагадоўлі і авечкагадоўлі. "Але, як мы ведаем, праблемы там ёсць. Гэта і недасканаласць кармавой базы, і ўстарэлая інфраструктура, безгаспадарчасць і разгільдзяйства", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на нізкую ўвагу да рыбагаспадарчай дзейнасці. "А разам з тым рыба ўваходзіць у пералік страў нацыянальнай кухні Беларусі. З улікам усё большага патоку турыстаў у нашу краіну яна будзе запатрабавана", - упэўнены Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі