11 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае стратэгічны характар развіцця беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу сёння ў час перагавораў з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Штогадовыя сустрэчы на вышэйшым узроўні падкрэсліваюць стратэгічны характар беларуска-туркменскіх адносін, узаемную зацікаўленасць у развіцці партнёрства", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Перагаворы ў фармаце сам-насам пацвердзілі падобнасць нашых поглядаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках". Беларускі лідар упэўнены, што так будзе і ў далейшым. Прэзідэнт адзначыў, што і яго туркменскі калега выказаў меркаванне аб падобнасці пазіцый дзвюх дзяржаў па міжнародным парадку дня.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, Туркменістан карыстаецца заслужаным аўтарытэтам на сусветнай арэне як прадказальны партнёр, які праводзіць узважаную палітыку. Па ініцыятыве гэтай краіны ажыццяўляюцца інфраструктурныя праекты, якія маюць істотнае значэнне для ўсёй Цэнтральнай Азіі. "Ваша садзейнічанне ў падключэнні да іх Беларусі, аб чым мы толькі што гаварылі, можа стварыць дадатковую аснову для развіцця нашых адносін, яшчэ больш умацаваць вагу Туркменістана ў рэгіёне. На нас у гэтым пытанні вы заўсёды можаце разлічваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-