Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 красавіка 2018, 17:17

Лукашэнка арыентуе кіраўнікоў раёнаў дзейнічаць рашуча, але без ломкі і рэвалюцый

3 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады дзейнічаць рашуча ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў, але без ломкі і рэвалюцый. Аб гэтым ён заявіў сёння на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мяне такое адчуванне, я, вядома, праверу, маю я рацыю ці не, што мы сваёй сістэмай улады крыху адхілілі старшынь райвыканкамаў ад выканання сваіх службовых абавязкаў. Яны лічаць, што вось цяпер губернатар штосьці скажа - выканаю. Не скажа - сяджу і чакаю, - адзначыў Прэзідэнт. - Нікога не чакайце! У вас ёсць раён. Дзейнічайце!"

"Працуйце, жывіце сумленна. Вас кожны дзень людзі бачаць. І дзейнічайце, ажыццяўляйце свае паўнамоцтвы. Калі вы маеце рацыю, вы заўсёды рэалізуеце сваю слушнасць. Трэба дзейнічаць - кожны на сваім месцы. Без ломкі, без рэвалюцый, па-чалавечы", - заклікаў беларускі лідар.

На семінары-нарадзе, якая працягвалася амаль пяць гадзін, былі дэталёва разгледжаны практычна ўсе напрамкі ўдасканалення і развіцця аграпрамысловага комплексу, роля навукі ў павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны. Аб канкрэтных напрамках работы ў рэгіянальным і лакальным маштабах расказалі кіраўнікі рэгіёнаў і кіраўнікі прадпрыемстваў.

Узнімаліся як прыватныя, практычныя пытанні ў рабоце сельгасвытворцаў, так і больш агульныя тэмы, як аб'яднанне прадпрыемстваў, набыццё тэхнікі ў лізінг, падрыхтоўка кадраў, пытанні разлікаў за сельгаспрадукцыю, фінансавання і крэдытавання, працэдур санацыі і банкруцтва, правядзенне меліярацыі і селекцыйна-племянной работы.

Прэзідэнт запэўніў, што ў Беларусі будуць і ў далейшым падтрымліваць сельскагаспадарчыя арганізацыі, але сродкі будуць выдзяляцца толькі на перспектыўныя праекты. "Грошы ёсць, але пад акупны праект. Патрэбны цвёрдыя гарантыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Завяршаючы мерапрыемства, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб па ўсіх абазначаных на нарадзе пытаннях у далейшым было і дакладнае выкананне гэтых даручэнняў. "Усё, аб чым мы дамовіліся, павінна быць выканана. Каб не ўзнікла ўражанне, што ў Прэзідэнта пабывалі, пагаварылі, атрымалі даручэнні і забылі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Усё павінна працаваць, круціцца, і павінен быць вынік. Але яго не будзе без строгай тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі