19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт амерыканскіх кангрэсменаў у Беларусь можа адбыцца да канца года. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.
На палях форуму, які праходзіў гэтым летам у Берліне, адбылася сустрэча з амерыканскімі кангрэсменамі, якія цёпла і пазітыўна адзываліся аб Беларусі і выказалі зацікаўленасць наведаць краіну, расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. "Мы накіравалі ім адпаведнае запрашэнне. Не выключана, што да канца года гэты візіт адбудзецца", - адзначыў спікер.
Беларускія парламентарыі адкрыты для развіцця дыялогу з амерыканскімі калегамі. "У любым выпадку нашы кантакты прадоўжацца, паколькі нас ужо запрасілі прыняць удзел у чарговым парламенцкім форуме, які пройдзе ў снежні бягучага года ў Вашынгтоне", - звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка.-0-