Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
07 кастрычніка 2019, 11:38

У Беларусі завяршаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання завяршаецца 7 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА.

Прэтэндаваць на месца ў парламенце мае чалавек, якому споўніўся 21 год. Неабходна таксама пастаянна пражываць у Беларусі, не мець судзімасці. Вылучацца можна трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў (іх трэба не менш за тысячу), ад палітычнай партыі, працоўнага калектыву. Заканадаўства дазваляе выбраць адзін або некалькі спосабаў.

Паводле даных на 4 кастрычніка, кандыдатамі ў дэпутаты вылучыліся 283 чалавекі. Усяго ў выбарчыя камісіі на гэты час паступіла 340 камплектаў дакументаў ад удзельнікаў выбарчай гонкі. Палітычныя партыі паспелі вылучыць 172 патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты, або 50,6 працэнта ад іх агульнай колькасці. Шляхам збору подпісаў вылучыліся 28,5 працэнта кандыдатаў у дэпутаты. Крыху менш вылучэнцаў ад працоўных калектываў - 20,9 працэнта.

Жанчын сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія партфелі, паводле інфармацыі на 4 кастрычніка, 24,4 працэнта, маладых людзей да 30 гадоў - 6,4 працэнта. Перавыбрацца паспрабуюць 20 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання (7,1 працэнта). Трапіць у парламент паспрабуюць і дэпутаты мясцовых Саветаў, іх 14,1 працэнта ад агульнай колькасці вылучэнцаў. Што датычыцца прафесійнай дзейнасці вылучэнцаў, то занятых у прамысловасці, будаўніцтве, сферы транспарту сярод іх 18,4 працэнта, прадстаўнікоў навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту - 18 працэнтаў, прадпрымальнікаў - 9,5 працэнта.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пройдзе 8-17 кастрычніка.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў назначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі