Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 мая 2017, 14:36

Рэалізацыя палітыкі добрасуседства будзе садзейнічаць дасягненню асноўных мэт УП - Папкоў

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя палітыкі добрасуседства будзе садзейнічаць дасягненню асноўных мэт "Усходняга партнёрства" (УП). Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, сустаршыня Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" Аляксандр Папкоў сёння на пасяджэнні бюро ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Аляксандр Папкоў, пасяджэнне прадастаўляе своечасовую магчымасць для абмеркавання патэнцыяльнага сумеснага ўкладу краін у бягучы еўрапейскі парадак дня напярэдадні саміту УП, які адбудзецца ў літападзе 2017 года. "Сёння практычнае ўзаемадзеянне паміж краінамі Еўрапейскага саюза і "Усходняга партнёрства" становіцца як ніколі актуальным. Беларусь зацікаўлена ў нармальных добрасуседскіх адносінах. Мы падтрымліваем умацаванне "Усходняга партнёрства" і спадзяёмся, што рэалізацыя палітыкі добрасуседства будзе садзейнічаць дасягненню асноўных яго мэт, павышэнню стабільнасці, бяспекі і паспяховага эканамічнага развіцця нашых дзяржаў", - сказаў сенатар.

На яго думку, пры распрацоўцы прапаноў Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" да саміту УП неабходна засяродзіцца на канкрэтных задачах у важнейшых галінах эканамічнага супрацоўніцтва, уключаючы развіццё інфраструктуры і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Аляксандр Папкоў расказаў, што сучасная Беларусь праводзіць адкрытую і шматвектарную палітыку супрацоўніцтва і развівае добрасуседскія адносіны з замежнымі дзяржавамі. "Наша краіна стала своеасаблівай міжнароднай дыскусійнай пляцоўкай, на якой абмяркоўваюцца перспектывы сумеснай дзейнасці розных краін у сферах гандлю, транспарту, энергетыкі, зялёнай эканомікі, інавацый", - заўважыў ён.

У якасці прыярытэту свайго сустаршынства Беларусь у Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" вызначыла праблематыку сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая ўключае разгляд розных пытанняў, у тым ліку сацыяльнай абароны насельніцтва, энергаэфектыўнасці. "Пытанне энергаэфектыўнасці з'яўляецца ключавым у парадку дня сённяшняга пасяджэння. Усе краіны так ці інакш сутыкаюцца з праблемамі ў сферы энергетыкі, і выпрацоўка адзіных падыходаў да вырашэння гэтай праблемы - ключ да бяспекі любой дзяржавы", - перакананы сенатар. Паводле яго слоў, у Беларусі праводзіцца адзіная дзяржаўная палітыка ў сферы энергазберажэння, павышэння эфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, якая поўнасцю падтрымлівае палітыку ў галіне ўстойлівай энергетыкі.

Мясцовыя органы ўлады таксама актыўна ініцыіруюць укараненне мерапрыемстваў па энергазберажэнні, павышэнні энергаэфектыўнасці. "Наша краіна дасягнула энергаёмістасці развітых краін с падобнымі кліматычнымі ўмовамі, такіх як Канада і Фінляндыя. Але вопыт развіцця гэтай сферы іншых дзяржаў з'яўляецца для нас важнай крыніцай ідэй і аптымальных рашэнняў. У Беларусі рэалізуецца комплекс мер па забеспячэнні эфектыўнай работы гэтай сферы дзейнасці, на мясцовым узроўні мы маем значныя напрацоўкі і гатовы імі падзяліцца з калегамі", - дадаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.

У сваю чаргу старшыня Камітэта рэгіёнаў ЕС Марку Марккула (Фінляндыя) адзначыў, што камітэт гатовы ўзаемадзейнічаць з краінамі УП. "Станаўленне супрацоўніцтва дае магчымасць нам развіваць узаемавыгадныя адносіны і ўмацоўваць міжнародны давер, што неабходна для прыцягнення інвестыцый", - сказаў ён.

Марку Марккула таксама звярнуў увагу, што ў пачатку 2018 года ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, і адзначыў, што менавіта муніцыпальныя органы ўлады, як правіла, знаходзяцца бліжэй за ўсё да грамадзян і вырашаюць надзённыя праблемы грамадства. На думку спецыяліста, рэгіянальныя ўлады павінны атрымліваць неабходныя паўнамоцтвы на сваім узроўні. "Мы гатовы падставіць плячо, каб забяспечыць неабходную палітычную падтрымку, і, акрамя таго, гатовы прыцягваць нашых інстытуцыянальных партнёраў, каб садзейнічаць практычнай рэалізацыі ініцыятыў", - запэўніў ён.

Супрацоўніцтва краін - удзельніц УП з Камітэтам рэгіёнаў Еўрапейскага саюза ў сферы мясцовага самакіравання вядзецца з 2011 года ў фармаце Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства". Беларусь у гэтым аб'яднанні прадстаўляе Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры верхняй палаце парламента.

Старшынства Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" ажыццяўляецца двума сустаршынямі - дзеючым кіраўніком Камітэта рэгіёнаў ЕС і прадстаўніком краіны - партнёра УП. У кастрычніку 2016 - верасні 2017 года сустаршынёй выступае Беларусь. У склад Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін "Усходняга партнёрства" ўваходзяць 18 прадстаўнікоў краін УП (па тры ад краіны) і 18 прадстаўнікоў Камітэта рэгіёнаў ЕС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі