Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
14 лістапада 2019, 14:22

Лапо: трэба забяспечыць раўнапраўе для пагранічнікаў Беларусі і Расіі

14 лістапада, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Пры рабоце над змяненнямі ў дагавор аб узаемных намаганнях у ахове граніцы трэба забяспечыць роўныя правы для пагранічнікаў Беларусі і Расіі. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З таго часу, як быў заключаны дагавор, меркавалася, што Беларусь забяспечвае бяспеку граніц Саюзнай дзяржавы на сваім участку, а кантроль на граніцы паміж дзвюма краінамі адсутнічае. "Размова не ішла аб тым, каб нам нехта дапамагаў. Мы самі можам забяспечыць бяспеку сваю і Саюзнай дзяржавы, - падкрэсліў ён. - Мы ставім пытанне, чаму на нашай унутранай граніцы існуюць пагранічнікі (Расійскай Федэрацыі. - Заўвага БЕЛТА)? Мы ж туды не выйшлі".

"У новым дагаворы трэба расставіць усе кропкі над "і". Мы раўнапраўныя - што расійскія пагранічнікі, што беларускія, - прадоўжыў Анатоль Лапо. - Мы заўсёды выконвалі свае саюзніцкія абавязацельствы і будзем іх выконваць. І прэтэнзій да нас ніколі не было. Але патрабуем таксама і нас паважаць".

Старшыня Дзяржпагранкамітэта падкрэсліў, што беларуская граніца ахоўваецца надзейна. І гэта не раз пацвярджаецца фактамі спынення кантрабанды зброі, наркотыкаў. Толькі за гэты няпоўны год затрымана больш за 500 кг наркотыкаў з Польшчы і Літвы, якія накіроўваліся ў Расію. У гэтым кантэксце Анатолю Лапо бачацца дзіўнымі і абсалютна беспадстаўнымі папрокі ў тым, што Беларусь нібыта выкарыстоўвае расійскія сродкі, патрабуе дапамогі. "Мы не нахлебнікі! - падкрэсліў ён. - Калі б мы былі нахлебнікамі, тады ў мяне павінна быць поўнасцю матэрыяльная база за іх кошт: тэхніка, узбраенне, прадукты харчавання, адзенне. Вось тады яны сказалі б, што мы нахлебнікі".

Беларусь, паводле яго слоў, не мае намеру выходзіць з дагавора, аднак будзе настойваць на яго абнаўленні. "Перагаворны працэс (з расійскім бокам. - Заўвага БЕЛТА) пачнецца, умоўна кажучы, з заўтрашняга, паслязаўтрашняга дня", - запэўніў старшыня ДПК, адзначыўшы, што канкрэтных тэрмінаў падрыхтоўкі дакумента пакуль няма, але можна меркаваць, што працэс будзе не хуткім.

Адно з прынцыпова важных патрабаванняў - адкрытасць граніцы для законапаслухмяных грамадзян, зручнасць яе перасячэння. "Граніца - гэта складаны механізм. Яна павінна збліжаць народы і быць надзейнай заслонай для ўсіх негатыўных момантаў. І тут мы (з расійскімі калегамі. - Заўвага БЕЛТА) павінны адзін аднаго разумець і дапаўняць, але не стаяць кардонам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі