Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 снежня 2017, 11:20

Клестыль Лёфлер разлічвае на новыя ініцыятывы Беларусі ў ЦЕІ

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік генеральнага сакратара ЦЕІ Маргот Клестыль Лёфлер разлічвае, што Беларусь прадоўжыць актыўную работу ў рамках Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Аб гэтым яна заявіла журналістам па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хацела б выказаць удзячнасць прэм'ер-міністру Беларусі Андрэю Кабякову і міністру замежных спраў Уладзіміру Макею за паспяховае старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе, а таксама за шырокамаштабныя мерапрыемствы, якія былі рэалізаваны. Спадзяюся, што ў нас наперадзе яшчэ шмат новых ініцыятыў у далейшым", - заявіла яна.

Маргот Клестыль Лёфлер адзначыла, што сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ - важная вяха для Беларусі. "Хачу нагадаць, што ў чэрвені міністр замежных спраў Уладзімір Макей запрасіў сваіх калег у Мінск, і міністры замежных спраў былі прыняты Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта з'яўляецца сведчаннем той важнасці, якую Беларусь надае супрацоўніцтву з ЦЕІ", - падкрэсліла яна.

Асноўнай тэмай сустрэчы ў Мінску стала ўзрастаючая роля краін ЦЕІ ў пашырэнні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб'яднанне намаганняў у процістаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне і ўмацаванні прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі.

Беларусь у час старшынства ў ЦЕІ правяла шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку сустрэчу міністраў замежных спраў краін - членаў арганізацыі, міністэрскую канферэнцыю па навуцы і тэхналогіях, сесію Парламенцкай асамблеі ЦЕІ, міністэрскую канферэнцыю па тэматыцы ўзаемасувязей і сумяшчальнасці ў рэгіёне ЦЕІ ў прывязцы да новага Шаўковага шляху, пасяджэнні камітэта нацыянальных каардынатараў і рабочай групы па кіраванні арганізацыяй.

Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва была створана ў 1989 годзе як арганізацыя, прызначаная садзейнічаць развіццю ўстойлівых сувязей паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама для недапушчэння ўтварэння новых раздзяляльных ліній у Еўрапейскім рэгіёне. Сёння ЦЕІ налічвае 18 краін-членаў: Аўстрыя, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія. Беларусь стала членам ЦЕІ ў чэрвені 1996 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі