Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 чэрвеня 2017, 15:38

Андрэйчанка: сесія ПА АБСЕ дае магчымасць Беларусі пацвердзіць рэпутацыю надзейнай дыялогавай пляцоўкі

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўка і правядзенне 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ дае магчымасць Беларусі пацвердзіць сваю рэпутацыю надзейнай дыялогавай пляцоўкі для абмеркавання самых важных пытанняў. Аб гэтым старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заявіў на закрыцці другой сесіі Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў спікера, асаблівая ўвага дэпутацкага корпуса цяпер засяроджана на падрыхтоўцы штогадовай сесіі ПА АБСЕ, якая стартуе ў Мінску ўжо практычна праз тыдзень. "Беларусь упершыню прымае ў сябе такі значны форум. Парламенту і зацікаўленым дзяржаўным органам давялося вырашыць нямала вельмі складаных арганізацыйных праблем. Работа, праведзеная ў цесным кантакце з Міжнародным сакратарыятам ПА АБСЕ, дае магчымасць спадзявацца, што Беларусь пацвердзіць сваю рэпутацыю надзейнай дыялогавай пляцоўкі для абмеркавання самых важных пытанняў міжнароднага парадку дня", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Ён запэўніў, што магчымасці гэтага форуму дэпутаты пастараюцца выкарыстаць і для ўмацавання эканамічных пазіцый Беларусі на міжнароднай арэне.

Вынікам сесіі ПА АБСЕ стане прыняцце дакументаў, што адлюстроўваюць рэакцыю міжнароднай супольнасці на трывожныя тэндэнцыі сучаснасці. "Беларусь таксама падрыхтавала праект рэзалюцыі, у якой прапануюцца меры па ўзмацненні барацьбы са з'яўленнем новых псіхаактыўных рэчываў. Яна ўжо атрымала вялікую падтрымку нашых замежных калег, і мы разлічваем на яе паспяховае пашырэнне", - сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

У другім паўгоддзі дынаміка міжнародных кантактаў і парламенцкіх сустрэч будзе нарастаць, упэўнены спікер. "Ужо ў час 26-й сесіі ПА АБСЕ трэба будзе рэалізаваць даволі шчыльны графік сустрэч і перагавораў з замежнымі палітыкамі", - дадаў Уладзімір Андрэйчанка.

Летняя сесія ПА АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску 5-9 ліпеня, будзе прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Плануецца насычаная праграма, якая ўключае пасяджэнне пастаяннага камітэта ПА АБСЕ і агульных камітэтаў па палітычных пытаннях і бяспецы, па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. Усяго ў перыяд сесіі чакаецца да 700 гасцей.

Беларускі бок прапануе да разгляду рэзалюцыю, якая атрымала назву "Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі