Увядзенне ў Беларусі бэбі-боксаў ніяк не паўплывае на колькасць нованароджаных дзяцей, ад якіх адмаўляюцца. Такое меркаванне выказала галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Савачкіна ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
"Увядзенне бэбі-боксаў ніяк не паўплывае на сітуацыю, - пераканана эксперт. - У Беларусі колькасць дзяцей, ад якіх адмаўляюцца, змяншаецца ў геаметрычнай прагрэсіі".
Паводле слоў спецыяліста, у сучасных жанчын ёсць усе магчымасці для планавання цяжарнасці. У тых рэдкіх выпадках, калі жанчына з-за нейкіх прычын адмаўляецца выхоўваць народжанае дзіця, клопат аб ім бярэ на сябе дзяржава.
"Такіх дзяцей звычайна даволі хутка ўсынаўляюць. У нас вельмі шмат сем'яў, жадаючых усынавіць дзіця да года, таму нават ёсць чарга", - дадала Юлія Савачкіна.
На думку намесніка дырэктара РНПЦ "Маці і дзіця" Івана Курловіча, праблему нежаданых родаў бэбі-боксы не вырашаць. "Вырашэнне трэба шукаць у адказным падыходзе да планавання цяжарнасці", - перакананы ён.