Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
24 жніўня 2016, 15:21
Мар'яна Шчоткiна

Кожны дарослы павінен дапамагчы дзіцяці здзейсніць мару

Мар'яна Шчоткiна
Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын"

Кожны дарослы павінен дапамагчы дзіцяці здзейсніць мару. Аб гэтым заявіла старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын", міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мар'яна Шчоткіна 24 жніўня прыняла ўдзел у акцыі ГА "Беларускі саюз жанчын" пад назвай "Збяром партфель разам" у сацыяльна-педагагічным цэнтры Маскоўскага раёна г. Мінска. Трэба адзначыць, што ГА "БСЖ" традыцыйна арганізуе мерапрыемствы і акцыі ў падтрымку сем'яў з дзецьмі і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку напярэдадні новага навучальнага года. Цяперашняя акцыя "Збяром партфель разам" накіравана пераважна на аказанне дапамогі выхаванцам сацыяльных прытулкаў.

Старшыня Беларускага саюза жанчын растлумачыла, што шмат увагі ў нашай краіне ўдзяляецца выхаванцам дзіцячых дамоў - ім аказваюць важкую падтрымку шэфы, працоўныя калектывы прадпрыемстваў, дабрачынныя і грамадскія арганізацыі. "У БСЖ было прынята рашэнне акцэнтаваць увагу на аказанні дапамогі выхаванцам сацыяльных прытулкаў. У гэтых дзяцей ёсць бацькі, але яны не клапоцяцца пра іх належным чынам. У самым пачатку жыццёвага шляху лёсы ў гэтых дзяцей склаліся няпроста, яны апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы па віне сваіх блізкіх, - адзначыла Мар'яна Шчоткіна. - Вельмі важна, каб да 1 верасня выхаванцы прытулкаў былі поўнасцю экіпіраваны, з укамплектаванымі партфелямі. Гэта надасць ім упэўненасці і павысіць настрой, асабліва першакласнікам, для якіх гэты дзень павінен стаць сапраўдным святам".

"Лёс кожнага з вас залежыць ад таго, як вы будзеце вучыцца, працаваць, якімі станеце людзьмі, - сказала Мар'яна Шчоткіна, звяртаючыся да дзяцей. - Хочацца верыць, што вы будзеце жыць з чыстымі памкненнямі, станеце добрымі рабочымі, настаўнікамі, інжынерамі, урачамі. Няхай здзейсніцца мара кожнага з вас, а мы, дарослыя, дапаможам вам яе рэалізаваць".

Хлопчыкі і дзяўчынкі з ахвотай дзяліліся сваімі планамі на будучае: хтосьці хоча стаць вядомым футбалістам, хтосьці - выдатным матэматыкам, хтосьці - праграмістам, выхавальнікам, хірургам, вядомым мастаком. Мар'яна Шчоткіна звярнулася да прадстаўнікоў Адміністрацыі Маскоўскага раёна, камітэта па адукацыі з просьбай аказаць садзейнічанне дзецям у тым, каб яны маглі развіваць свае здольнасці з дапамогай профільных спецыялістаў, цэнтраў творчасці.

Будучых першакласнікаў у прытулку - чацвёра. Рукзакі са школьнымі прыладамі ім вельмі спадабаліся - перафразуючы паэтычнае прывітанне, з якім выхаванцы звярнуліся да гасцей, першакласныя дзеці атрымалі першакласныя падарункі. І паабяцалі добра вучыцца. Мар'яна Шчоткіна прапанавала яшчэ раз сустрэцца ў снежні, каб яны прадэманстравалі свае поспехі і даказалі, што выконваюць сваё абяцанне.

Падарункі атрымалі і школьнікі старшых класаў, а таксама дзве выхаванкі, якія паступілі ў гэтым годзе ў каледж і ўніверсітэт. Аліса, якая будзе асвойваць прафесію тэхніка-тэхнолага ў гандлёвым каледжы, лічыць, што "галоўнае - матывацыя, жаданне дабіцца поспехаў у жыцці, стаць дастойным чалавекам".

Член ГА "БСЖ" заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева ўручыла дзецям ласункі і дыскі з песнямі. А хлопчыкі і дзяўчынкі падарылі ўсім гасцям малюнкі, на якіх намалявалі сваю мару.

Як праінфармавала дырэктар СПЦ Таццяна Ізотава, цяпер ва ўстанове пражываюць 22 дзіцяці. "Работу праводзім не толькі з дзецьмі, якіх забралі па розных прычынах з сем'яў, але і з іх бацькамі", - сказала яна.

У акцыі "Збяром партфель разам" прымаюць удзел абласныя, раённыя і пярвічныя арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Да яе далучыліся прадпрыемствы сістэмы Міністэрства інфармацыі - паліграфічнае прадпрыемства ААТ "Чырвоная зорка", ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа", выдавецтва ТДА "Аверсэв", а таксама РУП "Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр" сістэмы Міністэрства працы і сацабароны, Беларуская калійная кампанія і інш.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі