Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 жніўня 2016, 13:22

У Беларусі плануецца сабраць каля 9 млн т збожжа

24 жніўня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца сабраць у гэтым годзе амаль 9 млн т збожжа, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе мы чакаем ва ўсіх катэгорыях гаспадарак з улікам кукурузы сабраць каля 9 млн т збожжа. Калі больш дакладна, то 8,8 млн т", - адзначыў намеснік міністра.

Уладзімір Гракун расказаў, што ўжо намалочана больш за 6,7 млн т збожжа. "Засталося ўбраць яшчэ 131 тыс. га, з іх 92 тыс. га ў Віцебскай вобласці. Умовы надвор'я цяпер складаныя, амаль кожны дзень ідуць дажджы, але збожжа ўбіраецца. Хацелася б завяршыць уборку як мага хутчэй. Калі будзе надвор'е, то на працягу тыдня мы зможам завяршыць работы", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў намесніка міністра, на складах у краіне захоўваецца больш за 1 млн т збожжа з мінулага года. "Таму той недахват, які ў нас складаецца прыкладна ў памеры 0,5 млн т, перакрываецца астаткамі мінулых гадоў", - канстатаваў ён.

Гаворачы аб ураджайнасці ў бягучым годзе, Уладзімір Гракун паведаміў, што яна складае 33,7 ц/га. "Пры гэтым шэсць раёнаў у краіне, сярод якіх Гродзенскі, Бераставіцкі, Шклоўскі, атрымалі ўраджайнасць больш за 50 ц/га. Яшчэ ў дзесяці раёнах ураджайнасць склала больш за 40 ц/га, а ў 52 раёнах яна перасягнула 30 ц/га", - адзначыў ён.

"Умовы надвор'я ў нас заўсёды складаныя, мы прывыклі працаваць у любых умовах і атрымліваць ураджай. Лічу, тое, што мы ў гэтым годзе будзем мець за 7 млн т толькі збожжавых - нармальны рэзультат. У пачатку ўборкі ўраджайнасць ішла на ўзроўні мінулага года, але ў сувязі з умовамі надвор'я ліпеня, калі выпала ападкаў амаль у два разы больш за норму, асабліва па Гродзенскай і Віцебскай абласцях, мы страцілі ўраджай", - канстатаваў Уладзімір Гракун.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі