Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 лістапада 2017, 11:52

У Беларусі пачалася перапрацоўка выкарыстаных батарэек

20 лістапада, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. ААТ "БелВТІ" запусціла першую ў Беларусі лінію па перапрацоўцы выкарыстаных элементаў сілкавання. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік камерцыйнага аддзела прадпрыемства Ігар Гарбачоў.

Вытворчае памяшканне размешчана ў вёсцы Станок-Вадзіца на тэрыторыі Мінскага абласнога тэхнапарка. Тэхналогія па перапрацоўцы салявых і шчолачных батарэек, якія складаюць 85 працэнтаў ад агульнай колькасці збіраемых элементаў сілкавання, распрацавана сумесна з вучонымі БНТУ і выключае пахаванне якіх-небудзь рэчываў.

На першапачатковым этапе батарэйкі ўручную сартуюць, у планах - аўтаматызацыя гэтага працэсу. Салявыя і шчолачныя батарэйкі перапрацоўваюць, у выніку чаго атрымліваюцца тры фракцыі: стальная фракцыя, якая накіроўваецца на прадпрыемства "Белдругасчормет", цынказмяшчальная сумесь - на прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць у вытворчасці каляровыя металы, і вугальна-марганцавая сумесь - на металургічныя заводы. "На матэрыял, атрыманы ад перапрацоўкі батарэек, распрацаваны тэхнічныя ўмовы, іх плануем рэалізоўваць расійскім кампаніям. Ёсць папярэднія дамоўленасці з пакупнікамі прадукцыі, пачынаем фарміраванне пробнай партыі, разлічваем на заключэнне кантрактаў", - расказаў Ігар Гарбачоў. Астатнія віды батарэек у залежнасці ад колькасці ў іх розных рэчываў - ртуці, свінцу, кадмію і іншых - у далейшым будуць перададзены на вузкаспецыялізаваныя прадпрыемствы па перапрацоўцы.

Магутнасць лініі - 100 т батарэек у год. Пры неабходнасці яе можна павялічыць у разы за кошт двухзменнага рэжыму работы або дадатковага аснашчэння абсталяваннем. "Для Беларусі існуючай лініі на бліжэйшыя тры-пяць гадоў дакладна хопіць. Усё, што збяром, тое і перапрацуем", - растлумачыў субяседнік.

"БелВТІ" з 2015 года займаецца зборам адпрацаваных батарэек. Больш як 1,2 тыс. спецыялізаваных кантэйнераў прадпрыемствам устаноўлена ў гандлёвых цэнтрах, салонах сувязі, адміністрацыйных будынках, установах адукацыі, на аўтазаправачных станцыях. Па выніках 2017 года аб'ём збору чакаецца не менш як 110-115 т. Ігар Гарбачоў адзначае ўсё большую актыўнасць насельніцтва ў гэтых адносінах, і гэта станоўчая тэндэнцыя, паколькі кожная батарэйка, выкінутая са звычайным смеццем, забруджвае цяжкімі металамі каля 20 кв.м зямлі або 400 л вады.

ААТ "БелВТІ" ўяўляе сабой сетку прадпрыемстваў, размешчаных на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, больш за 25 гадоў ажыццяўляе дзейнасць па перапрацоўцы адходаў электрычнай і электроннай тэхнікі. Акрамя таго, тут арганізаваны перапрацоўка пластыку ад абсталявання, збор адходаў складанай бытавой тэхнікі ад насельніцтва. Працуе служба "БелВТІ-таксі" па бясплатным вывазе адходаў электрычнага і электроннага абсталявання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі