Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 верасня 2017, 15:50

Саўмін зацвердзіў дзяржпраграму па развіцці і ўтрыманні аўтадарог да 2020 года

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастановай Савета Міністраў нумар 699 ад 18 верасня зацверджана дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Беларусі на 2017-2020 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Дзяржпраграма распрацавана ў адпаведнасці з прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і накіравана на павышэнне якасці жыцця насельніцтва за кошт паляпшэння транспартна-эксплуатацыйнага стану аўтамабільных дарог агульнага карыстання. Дакумент уключае падпраграму "Развіццё і ўтрыманне рэспубліканскіх аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь" і падпраграму "Рэканструкцыя, рамонт і ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь".

Патрэбнасць у фінансаванні дзяржаўнай праграмы за кошт сродкаў, прадугледжаных на рэспубліканскую і мясцовую дарожную гаспадарку, ацэньваецца ў Br5,6 млрд у цэнах студзеня 2017 года. Аб'ёмы фінансавання штогод будуць карэкціравацца з улікам магчымасцей рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў, прыцягнення ўнутраных і знешніх крыніц фінансавання.

Першай падпраграмай прадугледжваецца накіраваць на ўзвядзенне і рэканструкцыю рэспубліканскіх аўтадарог Br1,55 млрд. Плануецца рэканструяваць і ўзвесці па параметрах І катэгорыі 274,2 км рэспубліканскіх аўтадарог, у ліку якіх участкі М6/Е28 Мінск - Гродна - граніца Польшчы (Брузгі), М10 граніца Расіі (Селішча) - Гомель - Кобрын, Р23 Мінск - Мікашэвічы, Р53 Слабада - Навасады, Р58 Мінск - Калачы - Мядзел, Р80 Слабада - Паперня.

Рэканструкцыю і ўзвядзенне рэспубліканскіх аўтадарог прадугледжваецца выканаць за кошт сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду, крэдытных сродкаў айчынных і замежных банкаў, у тым ліку на аснове прынцыпаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. За кошт крэдытных сродкаў прадугледжана рэканструяваць 380,3 км рэспубліканскіх аўтадарог, у ліку якіх участкі дарог М6/Е28 Мінск - Гродна - граніца Польшчы (Брузгі), М7/Е28 Мінск - Ашмяны - граніца Літвы (Каменны Лог), Р16 Цюхінічы - Высокае - граніца Польшчы (Пясчатка), Р23 Мінск - Мікашэвічы, Р58 Мінск - Калачы - Мядзел, Р80 Слабада - Паперня, на аснове прынцыпаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства плануецца рэканструяваць аўтадарогу М10 граніца Расіі (Селішча) - Гомель - Кобрын на ўчастку Рэчыца - Калінкавічы.

Будзе пачата распрацоўка перадпраектнай і праектнай дакументацыі па ўчастках рэспубліканскіх аўтадарог М3 Мінск - Віцебск, М8/Е95 граніца Расіі (Езярышча) - Віцебск - Гомель - граніца Украіны (Новая Гута), М10 граніца Расіі (Селішча) - Гомель - Кобрын, Р20 Віцебск - Полацк - граніца Латвіі (Грыгораўшчына), Р45 Полацк - Глыбокае - граніца Літвы (Катлоўка), Р46 Лепель - Полацк - граніца Расіі (Юхавічы), а таксама гравійных участках рэспубліканскіх аўтадарог. Рэканструкцыя і ўзвядзенне гэтых участкаў будуць пачаты ў выпадку наяўнасці фінансавых сродкаў.

У 2017-2020 гадах плануецца выконваць работы па ўладкаванні штучнага асвятлення на ўзводзімых і рэканструюемых рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах, а таксама ў месцах канцэнтрацыі ДТЗ, аварыйна небяспечных пешаходных пераходаў і падыходаў да іх, перасячэнняў дарог, у тым ліку на транспартных развязках.

У адпаведнасці з другой падпраграмай на мясцовых аўтадарогах будуць выконвацца работы па падтрыманні транспартна-эксплуатацыйных паказчыкаў такіх дарог згодна з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў і патрабаваннямі па забеспячэнні бяспечных умоў для руху транспартных сродкаў. Плануецца адрамантаваць і рэканструяваць не менш як 7 тыс. км мясцовых аўтамабільных дарог, у тым ліку выканаць бягучы рамонт 6,28 тыс. км дарог, капітальны рамонт - 687,7 км дарог, рэканструкцыю і будаўніцтва - 31 км дарог; плануецца выканаць бягучы рамонт 1,3 тыс. паг. м мастоў і пуцеправодаў, капітальны рамонт 894,8 паг. м мастоў і пуцеправодаў, прадугледжваецца рэканструяваць і ўзвесці 597,5 паг. м мастоў і пуцеправодаў.

Падпраграмай прадугледжваецца накіраваць на ўтрыманне мясцовых аўтадарог Br414 млн. Пры гэтым не менш як 10 працэнтаў сродкаў прадугледжваецца накіроўваць на ўтрыманне мастоў і пуцеправодаў.

Адказным заказчыкам дзяржпраграмы вызначана Міністэрства транспарту і камунікацый, заказчыкам падпраграмы "Развіццё і ўтрыманне рэспубліканскіх аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь", - Міністэрства транспарту і камунікацый, падпраграмы "Рэканструкцыя, рамонт і ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь", - аблвыканкамы.

Гэта пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі