Сцяг Панядзелак, 6 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 жніўня 2017, 13:03

Патрабаванне да наяўнасці пячаці юрыдычнай асобы плануецца зрабіць добраахвотным

8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Патрабаванне да наяўнасці пячаці юрыдычнай асобы плануецца зрабіць добраахвотным. Гэта прадугледжана праектам дэкрэта аб развіцці прадпрымальніцтва, паведаміў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі сёння ў час даклада Прэзідэнту Беларусі па пытаннях выканання даручэнняў аб стымуляванні дзелавой ініцыятывы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прапануецца зрабіць патрабаванне да наяўнасці пячаці юрыдычнай асобы добраахвотным. Гэты крок адпавядае агульнасусветным тэндэнцыям. Расія, Украіна, Літва такі крок зрабілі. Гэтага рашэння чакаюць удзельнікі знешнегандлёвых здзелак", - сказаў Уладзімір Зіноўскі.

Таксама прадугледжваецца мінімізаваць умяшанне асобных дзяржаўных органаў у дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, адначасова павысіўшы адказнасць бізнесу перад грамадствам. У прыватнасці, праект дэкрэта прадугледжвае зацвярджэнне кіраўніком дзяржавы адзіных тэхнічных патрабаванняў пажарнай і санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі, патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі. "Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаны. Напрыклад, з дзеючых сёння 586 пунктаў правіл пажарнай бяспекі захавана толькі 58. Вялікі пласт санітарных патрабаванняў да бізнесу - больш як 1,1 тыс. пунктаў - скарочаны і выкладзены ў дэкрэце ў 81 пункце, - удакладніў міністр. - У той жа час адзначанае паслабленне не распаўсюджваецца на асабліва небяспечныя сферы дзейнасці і аб'екты".

Устанаўліваецца таксама паведамляльны парадак ажыццяўлення відаў дзейнасці, пералік якіх замацоўваецца ў праекце дэкрэта. "У гэты пералік уключаны бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання і некаторыя іншыя віды бізнесу, у якіх сканцэнтравана каля 95 працэнтаў мікра- і малых прадпрыемстваў", - звярнуў увагу кіраўнік ведамства. Для занятку гэтымі відамі дзейнасці будзе дастаткова падаць паведамленне ў выканкам праз службу "адно акно" асабіста або дыстанцыйна праз Адзіны партал электронных паслуг, і суб'ект гаспадарання будзе мець права весці свой бізнес ужо на наступны дзень. "Такім чынам спыняецца ўсялякая бюракратычная валакіта, у выніку якой сёння зацягваецца пачатак работы. Напрыклад, пры адкрыцці аб'ектаў бытавых паслуг або грамадскага харчавання толькі рэгістрацыя ў рэестры займае восем рабочых дзён, а з улікам неабходнасці атрымання розных узгадненняў і дазволаў пачатак работы адцягваецца як мінімум на паўгода. Падаючы паведамленне, суб'ект гаспадарання аўтаматычна бярэ на сябе адказнасць за адпаведнасць сваёй дзейнасці заканадаўству", - растлумачыў Уладзімір Зіноўскі.

Праектам дэкрэта прадугледжана адмова ад шэрага складаных і залішніх працэдур. Напрыклад, прапануецца адмовіцца ад узгаднення выканкамамі рэжыму работы гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання ў дзённы час, замяніць неабходнасць атрымання дазволу ад выканкама пры капітальным рамонце і мадэрнізацыі аб'ектаў на інфармаванне органаў буднагляду.

Міжведамаснай камісіі па вызваленні ад адміністрацыйных спагнанняў і выплаты пеняў будзе дэлегавана права прыняцця рашэнняў аб вызваленні ад канфіскацый, а таксама адтэрміноўкі выплаты падатковых плацяжоў.

Адначасова са спрашчэннем вышэйназваных правіл уводзіцца адміністрацыйная адказнасць кіраўніка арганізацыі за невыкананне пісьмовых патрабаванняў дзяржаўных органаў па ўказе нумар 510 "Аб кантрольнай і нагляднай дзейнасці", якое прывяло да прычынення шкоды дзяржаве або грамадскім інтарэсам. "Прадугледжана адказнасць да 100 базавых велічынь, калі парушэнне не з'яўляецца крымінальным злачынствам", - удакладніў Уладзімір Зіноўскі.

Адзін з прадстаўленых сёння Прэзідэнту праектаў указаў накіраваны на сістэмную аптымізацыю кантрольнай функцыі дзяржавы, пераарыентацыю работы кантралёраў. У прыватнасці, прапануецца ўвесці мараторый на правядзенне ўсіх відаў праверак да 1 студзеня 2018 года. Гэта дасць магчымасць нармалізаваць эканамічную дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, а кантралюючым органам прыняць меры па падрыхтоўцы да работы ў новых умовах ажыццяўлення нагляднай дзейнасці.

Іншыя праекты ўказаў накіраваны на комплексны перагляд падыходаў да ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці, укараненне прафесійнага інстытута пасрэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі, далейшае развіццё адносін у сферы агратурызму з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы, развіццё прадпрымальніцтва ў невялікіх населеных пунктах за кошт прадастаўлення суб'ектам гаспадарання дадатковых ільгот і прэферэнцый, стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва, развіццё самазанятасці грамадзян і рамеснай дзейнасці.

Акрамя таго, падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Дакументам у тым ліку прапануецца ўстараніць адказнасць суб'ектаў гаспадарання за малазначныя дзеянні і фармальныя праступкі, знізіць памер маёмасных спагнанняў за ўчыненне шэрага эканамічных правапарушэнняў.

У цэлым міністр адзначыў, што падрыхтаваны пакет дакументаў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы стаў вынікам самага цеснага ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання з бізнес-супольнасцю і грамадзянамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі