Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 верасня 2018, 14:59

МАРГ: работа па ўвядзенні механізма рэгістрацыі цэн на лякарствы будзе адкрытай

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа па ўвядзенні механізма абавязковай рэгістрацыі гранічных адпускных цэн вытворцаў на лекавыя сродкі будзе пабудавана ў адкрытым рэжыме. Аб гэтым паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у прэс-цэнтры БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне, ці не прывядзе ўкараненне гэтай сістэмы да росту цэн на лекавыя сродкі або іх дэфіцыту на беларускім рынку, Уладзімір Калтовіч адзначыў, што дзеянне сістэмы рэферэнтнага цэнаўтварэння распаўсюдзіцца толькі на лякарствы для лячэння анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. "Будзе распрацаваны пералік жыццёва важных лякарстваў. Думаю, што работу мы пабудуем у абсалютна адкрытым рэжыме, - сказаў ён. - Першае, што мы зробім - сустрэнемся з усімі вытворцамі, якія маюць тут дыстрыб'ютараў, і імпарцёрамі і пагаворым, як нам арганізаваць работу такім чынам, каб пазбегнуць магчымых рызык".

Паводле слоў міністра, стварэнне рэферэнтнай сістэмы цэнаўтварэння ў Беларусі з'яўляецца новым напрамкам і павінна перш за ўсё вырашаць задачу не нашкодзіць. Таму Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапанаваны новыя падыходы: эканамічнае абгрунтаванне цаны вытворцы і імпарцёра на лякарствы і суаднясенне гэтай цаны з цэнамі на сумежных рынках.

"Задачы дзве: асартымент лякарстваў на аптэчных паліцах павінен быць даволі шырокі і каб пры шырокім асартыменце мы прыйшлі да балансіроўкі цэн з рынкамі краін, якія з намі мяжуюць. У рамках рэалізацыі ўказа нумар 345 будзе распрацавана палажэнне, якое вызначыць 14 рэферэнтных краін, і мы будзем супастаўляць цэны на аптовых рынках гэтых краін і Рэспублікі Беларусь, а таксама працаваць з вытворцамі і імпарцёрамі па дасягненні балансу гэтых цэн", - рэзюмаваў Уладзімір Калтовіч.

Як паведамлялася, указам нумар 345 ад 22 жніўня 2018 года прадугледжваецца ўвядзенне ў 2018-2020 гадах механізма абавязковай рэгістрацыі гранічных адпускных цэн вытворцаў на лекавыя сродкі, што прымяняюцца для лячэння анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Гэта мера накіравана на павышэнне эфектыўнасці сістэмы кантролю за фарміраваннем цэн на лекавыя сродкі на ўнутраным рынку краіны, а таксама забеспячэнне супастаўнага з сумежнымі дзяржавамі ўзроўню цэн на імпартныя лекавыя прэпараты аднаго гандлёвага наймення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі